На тэрыторыі гэтак званай ДНР разбамбілі калонію, у якой утрымліваліся ўкраінскія ваеннапалонныя


Лужыны крыві і паўсюль абгарэлыя целы – такія наступствы ўдару па калоніі, у якой трымалі ўкраінскіх ваеннапалонных. Момант выбуху трапіў на камеры відэаназірання.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Ізалятар месціўся за дваццаць кіламетраў ад цэнтру Данецку, у Аленаўцы – гэта акупаваная тэрыторыя. Расея, якая першая заявіла пра тое, што здарылася, вінаваціць Украіну. Нібыта ЗСУ нанеслі ўдар новай амерыканскай рэактыўнай сістэмай залпавага агню HIMARS. Дзяржаўнае агенцтва «РИА Новости» нават паказала нейкія абломкі.

Генштаб ЗСУ гэтыя заявы абвяргае і вінаваціць Расею.

«Расейскія акупанты, гэткім чынам, пераследавалі свае злачынныя мэты – звінаваціць Украіну ў здзяйсненні “ваенных злачынстваў”, а таксама схаваць катаванні палонных і расстрэлы, здзейсненыя там на загад акупацыйнай адміністрацыі і камандавання», – зазначылі ў Генштабе ЗСУ.

Як пацверджанне, Служба бяспекі Украіны апублікавала перахопленую размову акупацыйных войскаў. У ёй кажуць пра тое, што гэта здзейсніла Расея.

З пазіцыяй Генштабу згодны і ваенны эксперт Сяргей Грабскі.

Мы ведаем і атрымліваем інфармацыю пра тое, як здзекуюцца з мірных жыхароў, з ваеннапалонных расейскія акупанты, таму тут можна меркаваць, што яны пайшлі па тым жа самым шляху замятання слядоў і пры тым зусім не разумеючы ні спецыфікі сітуацыі, не разумеючы ментальнасці, цалкам не разумеючы навакольнага свету, цывілізаванага свету, у якім схаваць немагчыма штосьці такое», – кажа ўкраінскі ваенны эксперт Сяргей Грабскі.

Сярод ваеннапалонных у Аленаўскай калоніі былі і тыя, каго захапілі на заводзе «Азоўсталь». Ці ўсе яны загінулі, не вядома. Інфармацыя пра гэта паступае толькі ад самапрызначанага кіраўніцтва Данецкай псеўдарэспублікі. Паводле іхных звестак, 53 чалавекі загінулі, 75 атрымалі раненні.

У офісе прэзідэнта Украіны трагедыю ў Аленаўскай калоніі назвалі, цытата, «самай цынічнай правакацыяй з пачатку вайны». Дарадца офісу Міхаіл Падаляк заявіў, што гэта старанна спланаваны ўдар Расеі. Аргументаваў тым, што для ЗСУ ваенных мэтаў там няма.

«Мы ведаем, што частку палонных абаронцаў перавялі ў барак, у які адбылося пападанне, за некалькі дзён да злачынства. Класічная, цынічная і вельмі прадуманая false flag operation», – адзначыў дарадца Офісу прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк.

Сяргей Грабскі называе тое, што адбылося, «новай Катынню».

«Украіна ў шоку. Вы нават не ўяўляеце, наколькі людзі зараз проста “ўстрывожаныя” усім, што адбылося, але калі Расея мела на ўвазе, што такім чынам яна зможа неяк паўплываць на ход барацьбы, то яна атрымае абсалютна супрацьлеглы эфект і яны павінныя разумець, што супрацьстаянне і барацьба ўкраінскага народу, яна толькі ўзмацніцца і Расею чакае проста жахлівы разгром», – кажа Сяргей Грабскі.

Полк «Азоў» абвесціў – цытата – паляванне на датычных да трагедыі. А міністр замежных справаў Украіны Дмытро Кулэба заклікаў міжнародную супольнасць прызнаць Расею дзяржавай-тэрарыстам.

Надзея Бельская, «Белсат»