Што кажуць і пішуць пра гістарычную сустрэчу Байдэна з Ціханоўскай


«Колькі б часу і сілаў ні запатрабаваў шлях Беларусі да свабоды, я гатовая прайсці яго разам з беларусамі. І я дзякую прэзідэнту Байдэну за тое, што ён падтрымаў нас на гэтым шляху».

Гэта словы Святланы Ціханоўскай пасля сустрэчы з Джоў Байдэнам у Белым доме. Значэнне спаткання, якое да апошняга трымалася ў таямніцы, – у матэрыяле Каці Малей.

«Пераможца дня – Святлана Ціханоўская», «Байдэн сустрэўся з лідаркай беларускай апазіцыі ў Белым доме», «Джоў Байдэн падтрымлівае імкненне беларусаў да дэмакратыі» – такія загалоўкі на ангельскай, нямецкай, французскай, расейскай мовах мільгаюць на старонках вядомых выданняў усяго свету.

«Сённяшняе пасланне відавочнае: Злучаныя Штаты цвёрда падтрымліваюць жыхароў Беларусі ды барацьбу за тое, каб іхны голас быў пачуты, а правы – паважаліся», – казала Джулі Фішэр, амбасадарка ЗША ў Беларусі.

«Я з нецярплівасцю чакаю, калі працягнецца праца з прадстаўнікамі беларускага кокусу для падтрымання дэмакратычнага руху ў Беларусі», – адзначыў амерыканскі кангрэсмен Біл Кітынг.

«Гэтая сустрэча пасылае магутны сігнал салідарнасці людзям, якія змагаюцца за свабоду ў Беларусі ды ва ўсім свеце. Дзякуй, прэзідэнт Байдэн, за пацверджанне лідарства Амерыкі ў падтрыманні дэмакратыі і чалавечай годнасці», – заявіла былая дзяржаўная сакратарка ЗША Мэдлен Олбрайт.

Святлана Ціханоўская пад час сустрэчы з Джо Байдэнам у Белым доме 28 ліпеня.
Фота: POTUS / Twitter

Аб сустрэчы выказаўся ў «Тўітэры» і прэзідэнт ЗША Джоў Байдэн:

«Мне выпаў гонар сустрэцца са Святланаю Ціханоўскаю сёння ў Белым доме. Злучаныя Штаты падтрымліваюць народ Беларусі ў імкненні да дэмакратыі ды ўніверсальных правоў чалавека».

Сваймі ўражаннямі ад сустрэчы з прэзідэнтам ЗША падзялілася і Святлана Ціханоўская:

«Гэта была вельмі цёплая сустрэча. Я ўбачыла чалавека, якому не ўсё роўна, што адбываецца ў Беларусі. Я данесла да спадара прэзідэнта нашы мэсіджы».

Лідарка дэмакратычнай Беларусі адзначыла, што выйшла з Белага дому з упэўненасцю: галасы мільёнаў беларусаў былі пачутыя. Яна таксама казала:

  • Беларуская рэвалюцыя не звязаная з геапалітыкай. Гэта дэмакратычны выбар беларусаў, і маральны доўг ЗША – падтрымаць нас.
  • Суверэнітэт Беларусі не падлягае абмеркаванню і гандлю. Любыя гешэфты, падпісаныя нелегітымным рэжымам, незаконныя.
  • Пераадоленнем крызісу могуць стаць толькі новыя свабодныя выбары пад міжнародным кантролем. А ўсе зняволеныя з палітычных матываў мусяць быць вызваленыя без якіх-небудзь умоваў.
  • Крызіс у Беларусі мусіць быць уключаны ў міжнародны парадак дня, у ААН і АБСЕ, а ўсе вінаватыя – прыцягнуты да адказнасці ў міжнародных судах.

Паводле палітолага Валерыя Карбалевіча, сустрэчу Ціханоўскай з Байданам варта разглядаць у сукупнасці з іншымі спатканнямі ў Вашынгтоне: з сакратаром Дзяржаўнага дэпартаменту, дарадцам прэзідэнта ЗША ў пытаннях нацыянальнай бяспекі, з уплывовымі кангрэсменамі.

«Гэта маральная падтрымка ўсім тых, хто выступае за перамены ў Беларусі, за дэмакратызацыю, рух наперад… І ў гэтым сэнсе гэтая сустрэча з Байдэнам, мне падаецца, даволі важная. Плюс я думаю, што будуць і нейкія практычныя вынікі гэтай сустрэчы: падтрымка грамадзянскай супольнасці, медыяў, будуць новыя санкцыі адносна афіцыйнага Менску», – дадае Карбалевіч.

Карбалевіч лічыць, што сустрэча ўзняла беларускае пытанне на больш высокі ўзровень у шкале прыярытэтаў замежнай палітыкі ЗША. Святлана Ціханоўская – другі лідар на постсавецкай прасторы (пасля Уладзіміра Пуціна), з якім сустрэўся Джоў Байдэн.

«Рэакцыя беларускіх уладаў будзе, зразумела, негатыўная. Магчыма, афіцыйны Менск адкажа на гэта рэпрэсіямі супраць нейкіх амерыканскіх кампаній…Што тычыцца Крамля, я не думаю, што будзе нейкая рэакцыя. Расейская прапаганда ацэніць гэта негатыўна. Магчыма, Крэмль яшчэ больш упэўніцца ў тым, што беларускі крызіс мае геапалітычнае адценне. Што на баку апанентаў Лукашэнкі стаіць Захад, у той час як Крэмль падтрымлівае Лукашэнку», – кажа палітолаг.

Да амерыканскага прэзідэнта Святлана Ціханоўская сустракалася з высокапастаўленымі прадстаўнікамі адміністрацыі ЗША, кангрэсменамі ды сенатарамі. На ўсіх сустрэчах яна заклікала надаваць пасільную дапамогу пацярпелым ад рэжыму, а таксама ўвесці новыя санкцыі супраць уладаў Беларусі.

Каця Малей, «Белсат»