Паліва дабавіла яшчэ адну капейку


З сённяшняга дня дзяржаўны манапаліст «Белнафтахім» ізноў падвысіў цэны на паліва. Яны ўзраслі на 1 капейку. Толькі сёлета цэны падвышаюцца ў 19-ты раз. Чаму так адбываецца і як гэта ўплывае на кошты іншых тавараў і паслугаў.

Толькі за гэты год цэны на паліва ў Беларусі павышаліся 19 разоў. Агулам за паўгода яны ўзраслі больш як на 10 адсоткаў. Цэны на бензін і салярку штурхае ўгару рост сусветных коштаў на сырую нафту. Але гэта не адзіная прычына падаражэння, лічыць эканамічны аглядальнік Станіслаў Івашкевіч:

«Галоўная прычына, чаму даражэе паліва, – гэта тое, што скарачаецца расейская нафтавая субсідыя з-за падатковага манеўру. І, па-другое, што ў любым выпадку той субсідыі, што застаецца, ужо не хапае беларускай эканоміцы, каб стрымліваць крызісныя праявы. Таму беларускія ўлады мусяць набліжаць кошт паліва да сусветных коштаў, хаця да гэтага яшчэ не так блізка».

З сёння 98-мы бензін каштуе два рублі дваццаць адну капейку, 92-гі – адзін рубель 89 капеек, 95-ты бензін і дызельнае паліва – адзін рубель і 99 капеек. Манапаліст «Белнафтахім» апошні раз павышаў цэны на адну капейку ў мінулы чацвер.

Падаражэнне паліва цягне за сабою рост інфляцыі. Сёлета за пяць месяцаў кошты на тавары ды паслугі ў Беларусі выраслі больш як на 9 адсоткаў пры прагнозе ўраду 5 адсоткаў за ўвесь год.

«Відавочна, што гэта будзе спрыяць разгону інфляцыі. Разгону інфляцыі будуць спрыяць і іншыя захады. У прыватнасці, захады дзяржавы па падтрымцы дзяржаўных прадпрыемстваў, а таксама верагодная патрэбнасць надрукаваць больш грошай, каб купіць больш долараў, каб закрыць дзіркі па пагашэнні замежнай запазычанасці», – падкрэслівае Станіслаў Івашкевіч.

У гэтым і наступным гадах эканамічны рост Беларусі складзе ня больш за паўадсотка – гэта найменшы паказнік у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, прагназуе Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця. Эксперты банку падкрэсліваюць, што праз заходнія санкцыі аднаўленне эканомікі Беларусі бліжэйшым часам малаверагоднае.

Ігар Станкевіч, «Белсат»