Пачаўся суд на Мікалаем Дзядком


Цалкам не прызнаў абвінавачанняў паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу – у Менскім гарадскім судзе Анастасія Папко пачала разглядаць справу Мікалая Дзядка. На думку бацькі палітычнага вязня, абвінавачанне не грунтуецца на бясспрэчных доказах.

«Нейкіх канкрэтных абвінавачанняў, на мой погляд, не прагучала, усё прыцягнутае за вушы, усё абстрактна, то бок нейкія злачынствы, якія нібыта здзяйсняў мой сын, яны выглядаюць мізэрна і бяздоказна», – кажа Аляксандр Дзядок.

Блогера і журналіста, актывіста анархісцкага руху Мікалая Дзядка вінавацяць у арганізацыі закалотаў, незаконным выкарыстанні зброі ці выбуховых рэчываў і ў закліках да дзеянняў, што пагражаюць нацыянальнай бяспецы. Яго могуць пакараць сямю гадамі зняволення.

«Ён вельмі пісьменна размаўляе, цікава, пра палітыку, пра гісторыю. Таму кактэйлі я не думаю, што ўвогуле мелі месца ў яго сітуацыі. Тыя, хто гэтым займаецца, не будуць афішаваць і не будуць такімі папулярнымі. Мікалай быў дастаткова вядомы ў «YuoTube», у «Тэлеграме». За гэта яго пераследуюць», – кажа Юрый, які прыйшоў на суд падтрымаць актывіста.

Мікалая Дзядка затрымалі летась у лістападзе на здымнай кватэры – моцна збілі, распылілі ў вочы пярцовы газ і знялі для відэароліку Міністэрства ўнутраных справаў.

Раней актывіст ужо быў у зняволенні: у 2011-ым яго пакаралі чатырма з паловаю гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму за нібыта напад на амбасаду Расеі ў Менску. Вызвалілі яго ў 2015-ым разам з іншымі палітвязнямі. Цяпер Міколу Дзядка неаднаразова змяшчалі ў карцар, ён паведамляў пра адсутнасць неабходнай медычнай дапамогі ды абмежаванне ліставання.

Аб праблемах са здароўем іншага палітычнага вязня – Дзяніса Івашына – паведаміла ягоная маці Людміла. У карцары гарадзенскай турмы ў яго здарыўся сэрцавы прыступ.

«На наступны дзень пасля таго, як яму было кепска, калі ўжо яго выпусцілі з карцару, яго павялі на кансультацыю да лекара, менавіта кардыёлага. У турме кардыёлага няма. Можа быць, пашанцавала, што яго тут жа агледзеў кардыёлаг, зрабілі ЭКГ, выпісаў лекі, якія палічыў патрэбным, і на гэты момант сітуацыя стабілізавалася», – распавядае Людміла Івашына.

Сэрцавы прыступ у Дзяніса Івашына, які раней не меў ніякіх праблемаў са здароўем, мог здарыцца, на думку маці, або праз пастаянны стрэс, або праз умовы ўтрымання – у спякотнай цеснай камеры без свежага паветра. Інфармацыю пра цяперашні стан здароўя сына жанчына атрымала ад намесніка начальніка турмы, спаткання з сынам Людміла Івашына дамагаецца ўжо чацверты месяц.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»