Мігранты з Блізкага Усходу бягуць праз Беларусь у Літву


Толькі за мінулыя содні літоўскія памежнікі затрымалі 13 нелегальных мігрантаў, якія мінулі літоўскую мяжу з тэрыторыі Беларусі. Усяго з пачатку года памежная служба Літвы затрымала 600 такіх асобаў. Гэта амаль у сем з паловаю разоў больш, чым за ўвесь мінулы год.

Напярэдадні ў беларускім МЗС заявілі пра аднабаковы выхад з пагаднення аб рэадмісіі з Еўрапейскім Звязам. Гэта значыць, што ўлады Беларусі больш не будуць прымаць замежнікаў, якія незаконна трапілі ў Еўразвяз праз Беларусь і мусяць быць дэпартаваныя назад. Улады Літвы гэтае рашэнне прызнаваць адмовіліся. З іхным меркаваннем пагаджаюцца і звычайныя жыхары.

У той жа час улады Беларусі свайго дачынення да павелічэння плыні нелегальных мігрантаў на мяжы з Літвою не прызнаюць. Хоць у траўні ў адказ на ціск і санкцыі Еўразвязу Аляксандр Лукашэнка пагражаў Захаду, цытата: «Мы спынялі наркотыкі і мігрантаў – цяпер будзеце самі іх есці і лавіць».

Пасля неаднаразова вяртаўся да тэмы.

«Вы нас інфармацыйна душыце, метадычна і калектыўна спрабуеце знішчыць нашую эканоміку і чакаеце, што мы будзем марнаваць сотні мільёнаў долараў, як і раней, на абарону вашых геапалітычных інтарэсаў? Толькі вар’яты могуць так думаць і разлічваць на нашую падтрымку», – казаў Лукашэнка чэрвені.

У Камітэце нацыянальнай бяспекі і абароны Літвы заявілі, што не вераць у такія супадзенні і ў іх дастаткова фактаў, каб даказаць дачыненне рэжыму да павелічэння міграцыйных хваляў у Літву.

«Вельмі цікавая карэляцыя, што многія з іх губляюць дакументы, бо яны ж не прылятаюць у Беларусь без дакументаў. Але да нас яны трапляюць ужо без іх. Значыць, рэжым таксама неяк у гэтым замяшаны» – кажа сябра камітэту нацыянальнай бяспекі і абароны Літвы Довіле Шакаліене.

У камітэце дадалі, што дзеянні Лукашэнкі не перашкодзяць Літве і далей прымаць беларусаў, якія бягуць ад рэжыму.

Міхаіл Прановіч, «Белсат»