Прамы цягнік з Менску ў акупаваны Крым не паехаў


Днямі праз Менск, згодна з паведамленнем адной з расейскіх кампаніяў-перавознікаў, меўся пачацца рух цягніка Масква – Сімферопаль. Цягнік з Масквы ў анексаваны Крым паехаў, але не праз Менск, а па іншым маршруце. Чаму змянілі запланаваны маршрут?

 

Яшчэ больш за месяц таму расейская кампанія «Гранд Сэрвіс Экспрэс» заяўляла, што цягнік Масква – Сімферопаль будзе ісці праз Менск. Гэтыя словы пацвярджалі і ў Беларусі. Вось, што ў красавіку казаў старшыня праўлення Рэспубліканскага саюзу турыстычнай індустрыі Філіп Гулы:

«Два вагоны будуць аўтаматычна чапляцца ў Менску ад 26 траўня. І лічыце, што ад Менску да Сімферопалю пайшоў цягнік».

Але цягнік не пайшоў. Замест гэтага беларускім пасажырам прапануюць дабірацца да Крыму з(ь) перасадкамі: або праз Маскву, або праз Ліскі, або праз Краснадар.

«Я б не шукаў тут схаваных сэнсаў: не пусцілі сёння, не значыць, што не пусцяць заўтра. Канешне, можна казаць, што Лукашэнка спрабуе пазбегнуць санкцыяў, прызнання Крыму, але ён зрабіў столькі, што яго і так ізаляваў Захад. Таму казаць, што ён нейкім чынам спрабуе адмежавацца, дыстанцыялізавацца ад пытання Крыма і сувязяў з Крымам, я бы не стаў. Плюс тут могуць быць і лагістычныя прычыны – ці будзе такі цягнік карыстацца попытам, каму ён будзе патрэбны? І наколькі гэта зручна беларускай чыгунцы, якая і так пакутуе ад засілля расейскіх цягнікоў з расейскай вайсковай тэхнікай».

Кампанія-перавознік заяўляла, што цягнік будзе хадзіць да канца верасня, каб знізіць дэфіцыт квіткоў на крымскім напрамку падчас закрытага паўднёвага неба. Але ці запатрабаваны такі маршрут беларусамі? Мы патэлефанавалі ў адную з турыстычных кампаніяў:

«У нашай кампаніі месцаў на 3 чэрвеня месцаў ужо няма, на 8 – няма, на 13 – няма, на 18 яшчэ пад пытаннем».

Калі для расейцаў закрыліся еўрапейскія курорты, а ў Турцыі і Егіпце ім не радыя, робіцца зразумелым, чаму яны едуць адпачываць у Крым. Але чаму туды едуць і беларусы? Згодна з украінскім законам, што вызначае статус Крыму як часова акупаваную тэрыторыю, пасля заезду на паўвостраў з Расеі Украіна можа забараніць заезд на сваю тэрыторыю.

«Гэта нейкі пад’ём патрыятызму людзей, якія падзяляюць каштоўнасці «рускага свету». Шавіністычная хваля ў Расеі ў звязку з вайной ва Украіне распаўсюдзілася і на тых прыхільнікаў «рускага свету» у Беларусі, якіх там ёсць і немала. І вось на гэтай хвалі «патрыятызму» людзі едуць у Крым, каб прадэманстраваць сваю прыхільнасць гэтай ідэалогіі, каб прадэманстраваць сваю падтрымку Пуціну».

Маршрут цягніка Масква – Сімферопаль будзе пралягаць праз Разань, Варонеж, Белгарад, Растоў, Керч, Уладзіславаўку і Джанкой. У даведцы ж Менскага чыгуначнага вакзалу нам сказалі, што наўпроставага цягніка ў Крым няма.

Любоў Лунёва «Белсат».