Сяргей Ціханоўскі: год за кратамі

29 траўня спаўняецца год з моманту, як за кратамі апынуўся блогер і палітык з Гомля Сяргей Ціханоўскі.

«Сяджу і жыву як быццам у паралельнай рэчаіснасці, але ні пра што не шкадую». Гэтак Сяргей Ціханоўскі адказаў на пытанні журналістаў Deutsche Welle. Стваральніка Youtube-каналу «Страна для жизни» арыштавалі роўна год таму. Калі людзі будуць настойлівымі, то ўсё будзе нядоўга. Я буду сядзець столькі, колькі на гэта дазволіць народ, бо ўлада належыць народу», – напісаў з-за кратаў Ціханоўскі.

29 траўня 2020 года Сяргей Ціханоўскі прыехаў у Горадню, каб узяць удзел у зборы подпісаў за вылучэнне кандыдаткаю на прэзідэнцтва сваёй жонкі Святланы. Хоць першапачаткова блогер збіраўся вылучацца сам, але рэгістраваць ініцыятыўную групу Ціханоўскага Цэнтральная выбарчая камісія на чале з Лідзіяй Ярмошынай адмовіла.

«Ён не сам вырашыў балатавацца – яго прасілі людзі. Яны бачылі, што ён ездзіць з адкрытым мікрафонам, што ён дае ім слова, што ён слухае і чуе іх. І яны папрасілі яго балатавацца ў прэзідэнты – ён прыслухаўся», – успамінае паплечніца Ціханоўскага, кіраўніца фонду «Страна для жизни» Марыя Мароз.

Аднак спакойна зладзіць пікет Сяргею Ціханоўскаму не далі. Падчас стрыму да яго пачала настойліва чапляцца невядомая жанчына, якая патрабавала ад блогера «адказваць на ейныя пытанні». Ціханоўскі спрабаваў сысці ад канфлікту.

Далей на заклік жанчыны з’явіліся двое міліцыянтаў. Адзін з іх пацягнуў Ціханоўскага за руку, людзі кінуліся адбіваць блогера. У выніку штурханіны адзін з міліцыянтаў апынуўся на зямлі.

Адразу ж на месцы апынуліся байцы АМАПу ў форме і працаўнікі ў цывільным, якія затрымалі Сяргея Ціханоўскага і каля дзесяці ягоных паплечнікаў.

Пазней у жанчыне-правакатарцы карыстальнікі інтэрнэту пазналі Алену Кузьміну з Менску, якая займаецца аказаннем інтымных паслуг. Тады інцыдэнт, які прывёў да затрымання Сяргея Ціханоўскага, былы афіцэр міліцыі Мікалай Казлоў у размове з «Белсатам» назваў спланаванаю аперацыяй спецслужбаў:

«Гэта ўсё настолькі нязграбна, цынічна і подла зроблена, што я магу сказаць, што міліцыя, на мой погляд, паказвае, як яна дэградавала. Мала таго, што яны апускаюцца да правакацыяў з удзелам прастытутак, так яны і робяць гэта на такім жа нізкім узроўні, на якім у іх цяпер і прафесіяналізм».

Супраць удзельнікаў пікету Следчы камітэт распачаў справу паводле 342 артыкулу Крымінальнага кодэксу – «Масавыя дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак». Суды над імі працягваюцца. Аляксандра Арановіча, кіроўцу аўтадому «Страна для жизни» і памочніка Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 6 гадоў нібыта за рыхтаванне масавых закалотаў.

Суд жа над самым Сяргеем Ціханоўскім неўзабаве пачнецца ў Гомлі. Блогера вінавацяць адразу паводле чатырох артыкулаў. Яму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Алесь Баразенка, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама