Правоў у работнікаў усё менш. Праз што яшчэ ў Беларусі могуць звольніць?


Улады Беларусі паступова абмяжоўваюць правы тых працаўнікоў, хто не згодны з ёю.

Абвесцілі змены ў Працоўны кодэкс і закон «Аб прамысловай бяспецы»: яны набудуць моц 30 чэрвеня. Цяпер жа Міністэрства працы і сацыяльнай абароны іх зацвердзіла.

«Нічога дзіўнага ў гэтым няма. Усё выцякае з логікі таго, што адбываецца ў краіне. Гэта ўсё элементы надзвычайнага становішча, калі, як казаў аўтар знакамітага выразу, «не да законаў», – лічыць старшыня Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук.

Прынятыя змены – як інструмент запалохвання працаўнікоў. Праз іх наймальнік атрымоўвае неабмежаваную ўладу і дазвол звальняць непажаданых. Падставаю для страты працы можа стацца адміністратыўны арышт, прымус работнікаў да ўдзелу ў страйку, заклік спыніць працу, удзел у забастоўцы. Звольніць могуць і за гэтак званы распаўсюд звестак пра стан прадпрыемства. Афіцыйна гэта гучыць так: за парушэнне парадку збору, сістэматызацыі, захоўвання, змены, выкарыстання, ананімізацыі, блакавання, распаўсюду, давання і выдалення персанальных звестак.

«Нашых хлапцоў асобных не маглі звольніць паўгода, калі дамагалася адміністрацыя «Беларуськалію». Напэўна, вось гэтыя высновы былі зробленыя, і цяпер, канечне, лёгка і проста гэта рабіць», – лічыць Аляксандр Ярашук.

Асаблівую ўвагу надалі забастоўкам. Калі суд прызнае страйк незаконным, мера пакарання, прынятая ім, набывае моц адразу. Забастоўкі з палітычнымі заклікамі забаранілі.

«Ну, чаму цяпер робіцца – гэта зразумела. Гэта націск на грамадства беларускае, гэта крызіс у эканоміцы»

«Гэта немагчыма – звальняць людзей паводле палітычных умоваў. Гэтага нельга рабіць»

«З аднаго боку гэта, канечне, добра. А з іншага боку – беспрацоўных і так стае», – кажуць жыхары і госці Віцебску.

Сёмага чэрвеня Міжнародная канферэнцыя працы будзе разглядаць беларускае пытанне. Раней Беларусь уключылі ў кароткі спіс краінаў, дзе груба парушаюць правы работнікаў.

Надзея Бельская, «Белсат»