Арышт Пратасевіча абышоўся як мінімум у дзясяткі мільёнаў долараў стратаў


Ад сёння з Беларусі – толькі праз расейскае неба. Усе нашыя суседзі акрамя Расеі ня толькі забаранілі авіярэйсы з нашай краіны, але і нават выключылі транзіт беларускіх самалётаў. ЗША ж спынілі выкананне пагаднення з Беларуссю пра паветраныя зносіны, а таксама нагадалі, што ўжо ў гэты чацвер пачнуць дзеяць эканамічныя санкцыі.

Менск – Вільня. Адлегласць між гарадамі толькі 190 кіламетраў. Але цяпер, каб найхутчэй трапіць у суседнюю сталіцу, давядзецца ляцець у Стамбул, абмінаючы Украіну. Час – больш за 10 гадзінаў. Кошт – каля 500 еўраў. Наземныя межы амаль закрытыя Лукашэнкам.

«Ці былі пралічаныя ўсе наступствы? Думаю, не. Думаю, быў спадзеў на тое, што такой бурнай рэакцыі, такой адназначнай і негатыўнай рэакцыі ад заходніх краінаў не будзе», – мяркуе палітолаг Андрэй Казакевіч.

Захоп самалёту «Ryanair» выліўся ў сапраўдную авіяблакаду Беларусі. Арышт Рамана Пратасевіча і Сафіі Сапегі паводле самых сціплых падлікаў каштаваў дзясяткі мільёнаў долараў.

«Беларусь зарабляе каля 50 мільёнаў долараў на суправаджэнні самалётаў над сваёй тэрыторыяй за транзіт. Гэта даволі істотная сума, якую траціць беларускі бюджэт», – адзначае эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч.

Апроч аплатаў за транзіт, паўстае пытанне, як будзе працаваць «Белавія», якая ў даковідны 2019 год зарабіла 68 мільёнаў рублёў. Гендырэктар дзяржаўнай манаполіі Ігар Чаргінец гэтак адрэагаваў на санкцыі Захаду:

«З асаблівай фашысцкай вычварнасцю закрываюць адзін за адным паветраныя калідоры. Здзекуюцца з нас, з людзей, незалежна ад пашпарту. І гэта да расследавання інцыдэнту, у якім, можа, і ёсць вінаватыя, але дакладна не «Белавія». Гэта, вядома ж, поўнае парушэнне асноваў дэмакратыі».

Адметна, што летась працаўніцу «Белавіі», якая запісала відэазварот супраць гвалту, са скандалам звольнілі. Пераследавалі праз грамадзянскую пазіцыю ды іншых работнікаў.

«Трэба ўсё ж такі заставацца рэалістамі. Працаваць, як раней, не атрымаецца не толькі ў «Белавіі», але і ў іншых дзяржаўных прадпрыемстваў, з якіх грошы атрымоўвае не дзяржаўны бюджэт, а Аляксандр Лукашэнка і ягоная сям’я», – гаворыць дырэктар «Creative Politics Hub» і кіраўнік Свабоднага тэатру Мікалай Халезін.

Трэцяга чэрвеня ЗША аднаўляюць санкцыі супраць нафтахімічнай прамысловасці Беларусі, у Еўразвязе задумаліся над сектаральнымі эканамічнымі санкцыямі. Свае санкцыі абяцае Украіна. Тым часам Лукашэнка паляцеў да Пуціна, дзе заявіў:

«Няма тых вышыняў, якіх бы бальшавікі не бралі. Возьмем і мы».

Вышыня ж, якую ўзяў Лукашэнка, – гэта дамоўленасць з Пуціным, што «Белавія» замест Еўропы будзе больш лётаць у расейскія гарады. Масква ж у выніку дазволіла еўрапейскім самалётам прылятаць да сябе ў абыход Беларусі.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»