З «Азоўсталі» да гэтай пары не могуць эвакуяваць 60 дзяцей

У блакаваным расейскімі войскамі металургічным камбінаце «Азоўсталь» у Марыупалі – шэсцьдзесят дзяцей. Самаму малодшаму – чатыры месяцы. Пра гэта распавёў у інтэрв’ю CNN камандзір 36-ай асобнай брыгады марской пяхоты ЗСУ Сяргей Валына. Ён звярнуўся да сусветных лідараў з просьбаю дапамагчы стварыць гуманітарны калідор для вайскоўцаў і цывільных асобаў на тэрыторыю, падкантрольную ўраду Украіны, ці ў трэцюю краіну. Сітуацыя, паводле яго, крытычная.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Вакол «Азоўсталі» ідуць баі. Дарадца мэра Марыупалю Пятро Андрушчанка апублікаваў у пятніцу відэа. Як ён сцвярджае, расейскія войскі зазнаюць страты ў баях за прадпрыемства. На кадрах, як мяркуюць, – расейцы, якія вядуць бой.

Пры гэтым Уладзімір Пуцін публічна аддаваў загад спыніць штурм, а міністр абароны казаў «Ёсць!».

У сутарэннях заводу, паводле інфармацыі тэлеграм-каналу палка «Азоў», акрамя вайскоўцаў застаюцца цывільныя асобы, у тым ліку дзеці. Усяго каля тысячы чалавек. Амаль не засталося лекаў, ёсць праблемы з вадой і харчаваннем.

Украінскія ўлады ў пятніцу збіраліся пачаць эвакуацыю мірных жыхароў. Гэтую інфармацыю распаўсюдзіла агенцтва «Ройтэрз» са спасылкаю на крыніцу ў Офісе прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага. Гаворка пра нейкую спецаперацыю. Пра неабходнасць калідору казаў генеральны сакратар ААН Антонью Гутэрыш: у чацвер ён быў у Кіеве і нават атрымаў своеасаблівае прывітанне з Крамля, дзе гасцяваў да гэтага: па ўкраінскай сталіцы былі выпушчаныя некалькі ракетаў.

У Маскве ад гуманітарнага, а дакладней, гуманнага развязання праблемы «Азоўсталі» на словах не адмаўляюцца, але адмаўляюцца ад перамоваў на гэтую тэму.

У Маскве заяўляюць, што мірныя жыхары могуць накіравацца куды хочуць, раней прадстаўнікі расейскіх уладаў ужо абяцалі жыхарам Марыупалю такую свабоду дзеянняў. На выбар прапаноўвалі любую краіну: Расею, такзваныя «ДНР» ці «ЛНР». На мабільныя тэлефоны жыхароў гораду прыходзяць эсэмэскі з указаннем маршрутаў, рассылаюць іх з тэлефона 777.

Украінскія ўлады хацелі б эвакуяваць людзей у бок Запарожжа. На мінулым тыдні туды ўжо адправілі некалькі аўтобусаў з Марыупалю. Астатнія жыхары гораду спрабуюць звязацца са сваякамі, каб проста сказаць «мы жывыя».

Украінскія чыноўнікі расказваюць, што расейскія акупацыйныя ўлады ўзмацняюць кантроль над перамяшчэннем людзей па разбітым горадзе. Заехаць у Марыупаль можна толькі пасля правярання. У наваколлях гораду створаныя фільтрацыйныя лагеры, куды адпраўляюць мужчынаў – піша дарадца мэра Пятро Андрушчанка. Пра такія лагеры расказваюць і жыхары Марыупалю, якім удалося эвакуявацца: людзі спяць там па некалькі дзён на падлозе і сілкуюцца вермішэллю хуткага прыгатавання. Пры гэтым частка ўцекачоў не пакідае надзеі праз Расею зʼехаць у краіны Еўразвязу.

Руслан Ігнатовіч, Ян Маравіцкі, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама