У Беларусі 360 палітвязняволеных


Спіс палітзняволеных павялічыўся яшчэ на дзве асобы. У ім цяпер Вольга Маёрава, якая адміністравала сацыяльныя сеткі Мікалая Аўтуховіча. Яе вінавацяць у тэрарызме. Дзяніса Урада, які даслаў у тэлеграм-каналы сакрэтны ліст аб уцягванні вайскоўцаў у задушэнне пратэстаў, абвінавачваюць у дзяржаўнай здрадзе. Цяпер у Беларусі 360 палітвязняў.

Аб крымінальнай справе за заклікі да пратэстаў і абразу Лукашэнкі берасцейскі актывіст Андрэй Шарэнда даведаўся з тэлеграм-каналу пракуратуры. Нагодай нібыта стала інтэрв‘ю, у якім Андрэй распавядае пра ўмовы ўтрымання ягонай жонкі Паліны Шарэнды-Панасюк, якая з 3 студзеня застаецца ў СІЗА.

«У гэтым інтэрв‘ю я перадаю яе словы. Даслоўна словы гучаць так, што нашай дзяржавай кіруе чалавек, якога можна параўнаць з тэрарыстам, хлусам і злачынцам. Гэтае выказванне стала нагодай для ўзбуджэння крымінальнай справы», – адзначае Андрэй Шарэнда.

Актывіст заклікаў праваабаронцаў неадкладна прызнаць ягоную жонку Паліну палітзняволенай. За кратамі на яе аказваецца ціск, некалькі разоў яе кідалі ў карцар.

«Улады выкарыстоўваюць усе магчымасці, каб па максімуму выкарыстаць крымінальнае заканадаўства, дзеля таго, каб, як яны лічаць, прысекчы адміністратыўныя правапарушэнні, крымінальныя злачынствы. У выніку адбываецца застрашванне грамадства, якая востра крытыкуе ўлады», – падкрэслівае праваабаронца Раман Кісляк.

А суд над Паўлам Севярынцам, Ірынай Шчаснай, Яўгенам Афнагелем, Паўлам Юхневічам, Дзмітрыем Казловым, Максімам Вінярскім і Андрэем Войнічам, прызначаны на 12 траўня, будзе закрыты: маўляў, матэрыялы справы – таямніца, якая ахоўваецца дзяржавай.

«Няма ніякай дзяржаўнай таямніцы. Гэта справа не датычыць дзяржперавароту. Гэтай справы ўвогуле няма. Бо няма з чаго быць справай», – упэўненая маці Паўла Севярынца Таццяна Севярынец.

Беларускія суды працягваюць адміністратыўны пераслед грамадзянаў. На 10 і 20 содняў арышту суддзя Кастрычніцкага раёну Віцебску Уладзімір Царыкаў асудзіў Лізавету Кірыенку і Марыю Амасовіч. Дзяўчын абвінавацілі ў несанкцыянаваным пікетаванні. 26 красавіка на прыступках Уваскрасенскага сабору яны запалілі лампадкі ў памяць ахвяраў Чарнобыльскай АЭС.

«Атрымоўваецца, што нельга ставіць лампадкі, запальваць знічкі нельга, прыйдзецца цяпер Вялікдзень узгадняць, і ўсе астатнія святы таксама. А то раптам забяруць нас. Зразумела, што гэта несправядліва», – адзначае Ангеліна Туравец, сяброўка асуджаных.

Працягваецца ціск і на незалежныя медыі. На патрабаванне пракуратуры інтэрв’ю Сьвятланы Ціханоўскай баранавіцкай газэце «Intex-press» суд прызнаў экстрэмісцкім.

Ігар Станкевіч, «Белсат»