Шумілінскі райвыканкам ліквідуе раённую гімназію-інтэрнат


Адной навучальнай установай на Віцебшчыне менш. Шумілінскі райвыканкам вырашыў ліквідаваць раённую гімназію-інтэрнат, што ў вёсцы Лескавічы. На наступны навучальны год вучні гімназіі пойдуць у іншыя школы. Чаму паўстала пытанне пра закрыццё?

Шумілінскую раённую гімназію-інтэрнат у Лескавічах стваралі для вясковых дзяцей. Але больш за палову вучняў ездзяць сюды з Шуміліна, пры тым, што ў раённым цэнтры – дзве сярэднія школы.

«Гэта вельмі перспектыўная гімназія. Паступленне ў вну – 99 адсоткаў», – кажа Аляксей Пенкін, жыхар аграгарадку Слабада.

Некалькі месяцаў таму бацькі навучэнцаў даведаліся, што гімназію-інтэрнат збіраюцца зачыніць.

Аляксей Пенкін распавёў:

«Яе вырашылі зачыніць райвыканкам Шумілінскі і Віцебскі аблвыканкам. Прынялі яны гэтае рашэнне без нас. Мы спрабуем ім сказаць, што бацькі не згодны з іх рашэннем, але нас ніхто не хоча чуць».

Цяпер у гімназіі – 119 вучняў. Супраць закрыцця адукацыйнае ўстановы бацькі выказваліся ў пісьмовых зваротах у раённы і абласны выканкамы. У адказ чыноўнікі зарганізавалі сустрэчу з бацькамі.

Жыхарка Лескавічаў звярнула ўвагу чыноўнікаў на наступствы закрыцця гімназіі:

«Гэта гімназія – гэта апошняя, скажам так, апора, дзе ёсць працоўныя месцы ў гэтым населеным пункце. За маё жыццё тут спачатку прыбралі дзіцячы сад – хай сабе, мала дзяцей у раёне. Чаму стала мала дзяцей у сельскай мясцовасці? Таму што не стала працоўных месцаў. Людзі вымушаныя былі з’язджаць».

Аргументацыя ж чыноўнікаў наступная: раён і так жыве з бюджэтных датацыяў, а школы ў вёсцы зжылі сябе.

Ірына Шалахова, намесніца старшыні Шумілінскага райвыканкаму паведаміла:

«Шумілінскі раён – ён датацыйны. Больш 70 адсоткаў мы атрымліваем датацый з дзяржаўнага бюджэту».

Чыноўнікі палічылі, што навучанне ў Лескавіцкай гімназіі абыходзіцца задорага: на аднаго навучэнца затраты амаль удвая вышэйшыя за запланаваныя. Пры плане 4463 рублі 87 капеек фактычна «марнуецца» 8712 рублёў 11 капеек за год.

Паводле прадстаўнікоў Віцебскага аблвыканкаму, пасля таго, як гімназію зачыняць, дзяржава зэканоміць паўтара мільёна рублёў за год. Настаўнікі ж без працы не застануцца.

Алена Багдановіч, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама запэўніла:

«Будуць працаўладкаваныя ўсе. Магчыма, будзе ніжэй заробак, але гэта будзе адпавядаць заканадаўству. Па заканадаўстве нагрузка павінна быць 20 гадзінаў. Гэта не пагоршванне ўмоў працы».

Аднак бацькі гэтак і не зразумелі, чаму закрываюць менавіта найлепшую гімназію ў раёне.

Марына Панкраценка, маці вучаніцы 6 класа мяркуе, што прыйдзецца мяняць месца жыхарства:

«Для сельскай мясцовасці, як мы жывем тут, вельмі будзе складана кудысці ўладкаваць сваіх дзяцей. На дадзеным этапе, пры закрыцці, у нас застаецца адзін выбар – гэта пераезд у які-небудзь іншы горад».

Выявілася, што будынкі гімназіі мясцовыя ўлады плануюць выкарыстоўваць для турызму і адпачынку. На сустрэчы з чыноўнікамі бацькі запыталіся, ці гэта так, але адказу не атрымалі.

Крысцiна Авакумава, «Белсат»