Народнае антыкрызіснае ўпраўленне распрацавала праект рэформы МУС


Міліцыя без гвалту і на служэнні людзям, а не рэжыму. Народнае антыкрызіснае ўпраўленне распрацавала праект рэформы міністэрства ўнутраных справаў. Адмыслоўцы НАУ запрашаюць беларусаў уносіць прапановы і заўвагі. Такою адкрытаю, як гэты праект, мае быць і сама міліцыя…

Капрамонты жылых дамоў – чакаюць. На ўсходзе Берасця за нашыя грошы аднаўляюць будынак для міліцыі берасцейскага раёну. Двума гадамі раней збудавалі шыкоўны гмах cуда, а ў годзе 2018-ым – урачыста адкрылі 4-павярховы офіс абласной Пракуратуры. Працаваць для людзей праваахоўнікі маюць яшчэ лепш. Берасцейцы дзеляцца назіраннямі:

«Парадак у нас. Ня дай божа нешта здарыцца, заяві ў міліцыю і неадкладна прымуць захады».

«Калі міліцыя нам трэба, то яе няма. А калі ня трэба, то сунуцца».

«Беларускай міліцыі зараз, на жаль, усе баяцца».

«Нас жа за гэта пасадзяць, калі мы скажам праўду».

Цягам сямі паслявыбарчых месяцаў міліцыя паказала карны твар. Профільныя арганізацыі Беларусі і замежжа фіксуюць тысячы фактаў і прозвішчы супрацоўнікаў органаў, адказных за парушэнні правоў чалавека, у тым ліку забойствы, катаванні затрыманых і зняволеных. Гэта яшчэ не дно, кажа Павел Латушка:

«У красавіку ці на пачатку траўня ўсё гэта будзе мець пад сабою прававыя падставы. Калі ёсць пасведчанне ў кішэні, можна будзе беспакарана забіваць і гвалціць. Ці хочам мы такіх абаронцаў?»

Павел Латушка кіруе гэтае пытанне ў тым ліку да дэпутатаў Палаты Прадстаўнікоў. Народнае антыкрызіснае ўпраўленне распрацавала альтэрнатыўную гвалтоўнай… рэформу органаў унураных справаў – у супрацы з асобамі, якія ўдзельнічалі ў рэфармаванні паліцыі ў іншых постсавецкіх краінах.

Экс-следчая СК Беларусі Святлана Хілько кіруе гэтаю працоўнай групаю. Галоўным у рэформе лічыць вяртанне беларусам кантролю над працай міліцыі:

«У нас для гэтага ёсць усё – высокласныя спецыялісты, падтрымка супрацоўнікаў і грамадзянаў, матэрыяльныя рэсурсы і міжнародныя сувязі, лепшыя практыкі і праграмы. Але ключавым звяном рэформы зробіцца грамадскі ўдзел і кантраляванне на ўсіх узроўнях».

Дэмілітарызацыя, жорсткая адказнасць за катаванні, а таксама звальненні або перапрацаўладкаванне.

Па стане на 2017-ы год у органах унутраных справаў Беларусі было 98 тысяч асобаў. Колькі цяпер, разам з сакрэтнымі дзяржаўнымі падраздзяленнямі – ведае, хіба, толькі Аляксандр Лукашэнка. Менавіта ён вызначае штатную колькасць, задачы, ідэалогію.

«Ва ўсім цывілізаваным свеце асноўнымі функцыямі паліцыі з’яўляецца забяспечванне грамадскай бяспекі і барацьба з крыміналітэтам. Заўважце, мы не кажам пра якую-небудзь абарону інтарэсаў нейкай абстрактнай дзяржавы», – тлумачыць Канстанцін Хілько з каманды па рэфармаванні.

На думку эксперта, эфектыўнаю праца міліцыі будзе пры самакіраванні, з асобным бюджэтам і правам на ініцыятыву. Замест планавай сістэмы і працы на статыстыку, давядзецца рэальна раскрываць справы.

Выхоўваць новую псіхалогію, навучаць і тэставаць кадры – праца не на адзін дзень. Эрыка Марат – колішняя рэктарка Грузінскай паліцэйскай акадэміі і экс-кіраўніца нацыянальнай паліцыі ўдзельнічала ў рэфармаванні паліцыі ў шэрагу постсавецкіх краінаў. Зрабіла выснову:

«Першае – гэта палітычная воля. Другое – гэта сінхранізацыя рэформы паліцыі, Пракуратуры і безумоўна, судовай сістэмы. Бо калі цыкл крымінальнай юстыцыі не працуе, то сама па сабе рэформа патрульнай паліцыі – на мэту не спрацуе».

Таму і ў Новай Беларусі рэформу паліцыі давядзецца праводзіць паралельна змяненням у іншых сістэмах. З праектам НАУ можна азнаёміцца на старонцы strazi.com і пакінуць меркаванне.

Юлія Цяльпук, «Белсат»