Рыхтуецца новая «справа медыкаў»


Новая «справа медыкаў», імаверна, звязаная з карупцыяй. Сілавікі напярэдадні затрымалі больш за 30 артапедаў-траўматалоўгаў, некаторыя з якіх узначальвалі аддзяленні ў розных медычных установах краіны. Афіцыйных каментароў, датычных прычынаў хапуна, чыноўнікі дасюль не далі. «Белсат» сабраў меркаванні медыкаў і журналістаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

З сёння ў Віцебскім гарадскім клінічным шпіталі хуткай дапамогі адсутнічае на працы Аляксандр Цяркоўскі – траўматолаг-артапед найвышэйшай катэгорыі, ганаровы грамадзянін Віцебску.

«Загадчык аддзяленнем Аляксандр Цяркоўскі выконваў артраскапю – малаінвазійную аперацыю на каленным суставе. У сярэднім цягам тыдня рабіў каля 10-12 аперацыяў. Цяпер, улічваючы, што гэтага спецыяліста няма, гэтая працэдура стала на паўзу».

Напярэдадні сілавікі ператрэслі працоўныя кабінеты і затрымалі больш за 30 МЕНАВІТА траўматолагаў-артапедаў па ўсёй краіне. Большая частка з іх – кіраўнікі аддзяленняў, незамяняльныя ў некаторых медычных маніпуляцыях.

Згодна з крыніцаю «Зеркало», затрыманых падазраюць у «атрыманні хабару» – артыкул 430 Крымінальнага кодэксу РБ.

Журналіст-раследавальнік Станіслаў Івашкевіч дапускае, што справа можа таксама датычыць нелегальных заробкаў на пратэзах.

«Самі лекары, як нам часам паведамлялі крыніцы (але дакладна гэтага не можам сцвярджаць) калі прыходзяць камплекты з пратэзамі, то ў кожным з іх ёсць некалькі памераў, блізкіх адзін да аднаго, і ёсць запасныя часткі… Лекар тэарэтычна можа выкарыстаць у новай аперацыі частку ўжо скарыстанага камплекту, а новы камплект, адпаведна, спісаць».

У пратэзаванні, аднак, гэта не асноўная праблема. Карупцыйныя схемы з удзелам высокіх чыноўнікаў і дзяржаўных службоўцаў збудаваныя вакол дзяржаўных закупаў пратэзаў, у асноўным нямецкай вытворчасці. Неразумны закуп, што кантралюецца і ажыццяўляецца дзяржаваю, штучна стварае чэргі на пратэзаванне суставаў.

«У Беларусі стандартная практыка, дзе карупцыйныя тэмы пакрываюцца на самым версе сілавых органаў і чынавенства. Знаходзяць на каго спісаць. Найбуйнейшыя тэрміны атрымліваюць дробныя выканальнікі. Часам гэта ўвогуле людзі збоку прыпёку», – кажа Станіслаў Івашкевіч.

Яшчэ не забытая так званая справа медыкаў 2018-га года, калі за карупцыю ў дзяржзакупах затрымалі каля ста асобаў. Толькі 21 з іх адказвала ў судзе за даванне ці атрыманне хабару за дапамогу ў пастаўках эндапратэзаў, рэгістраванні лекаў і медычнай тэхнікі. Чыноўнікі вышэйшага звяна засталіся на волі.

Сярод магчымых версіяў затрыманняў медыкаў 26-га сакавіка грамадскасць называла прымусовую мабілізацыю на дапамогу параненым расейскім жаўнерам, якіх вязуць у Беларусь.

«Калі б гэта была мабілізацыя на паўднёвую мяжу Беларусі, хутчэй за ўсё былі б мабілізаваныя хірургі. Гнойныя хірургі, хірургі, якія маюць досвед працы з ампутацыямі. Гэта найбольш неабходна ва ўмовах, якія там цяпер адбываюцца», – кажа Расціслаў Савіцкі.

Анестэзіёлаг-рэаніматолаг лічыць, што сістэматычныя затрыманні медыкаў – за палітычныя погляды ці «за карупцыю» – будуць і надалей спрыяць адтоку медычных кадраў з Беларусі, дзе ўжо сёння не стае і лекараў, і медсясцёр.

Юлія Цяльпук, «Белсат»