Расейцы адступаюць ад Кіева


Расея не будзе выкарыстоўваць ядравай зброі падчас гэтак званай спецаперацыі ва Украіне, заявілі сёння ў Крамлі. Расейскі бок абвясціў таксама, што кардынальна скарачае ваенную актыўнасць на кіеўскім і чарнігаўскім напрамку. Але спынення агню гэта не азначае. Расейскія войскі надалей наносяць ракетныя ўдары па ўкраінскіх гарадах і ўзмацняюць вайсковую актыўнасць на Данбасе.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Сямёра чалавек загінулі, каля 20-ці атрымалі раненні ў выніку ранішняга ўдару расейскаю ракетаю па будынку дзяржаўнай адміністрацыі Мікалаева. Большасць работнікаў паспела выйсці з адміністрацыі перад ударам ракеты. Будынак зруйнаваны.

«Гэта значыць, што акупанты перадумалі наступаць на Мікалаеў. Чаму? У класіцы, калі ты збіраешся штосьці захопліваць, табе патрэбны пункт кіравання вобласцю: куды падведзеныя ўсе камунікацыі, сеткі, сувязь, яны зразумелі, што Мікалаеў яны не возьмуць», – перакананы старшыня Мікалаеўскай абласной адміністрацыі Віталій Кім.

Удар акупанты нанеслі і па Днепрапятроўскай вобласці. Ракета выбухнула каля Нікапалю. Адна асоба параненая.

«На жаль, каля Нікапалю адбыўся ракетны абстрэл. На тэрыторыі гораду спакойна. На дарогах каля Нікапалю і Нікапальскага раёну расейскіх войскаў няма», – паведамляе мэр Нікапалю Аляксандр Саюк.

Напярэдадні ўвечары расейцы выпусцілі дзве ракеты з тэрыторыі Беларусі па Львове. Аднак украінская супрацьпаветраная абарона знішчыла іх. Агулам, паводле Пэнтагону, з пачатку вайны Расея выкарыстала супраць Украіны 1370 ракетаў.

Разбураныя дамы, спаленая расейская тэхніка. Так выглядаюць паселішчы каля Кіева, якія яшчэ нядаўна займалі акупанты. Праз сур’ёзныя праблемы з ратацыяй расейскія войскі выходзяць з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласцяў, паведамляе Генеральны штаб Украіны. Украінскія ўзброеныя сілы стрымліваюць акупантаў, а на некаторых кірунках контратакуюць.

«Чарнабаеўкі на Чарнігаўшчыне растуць як грыбы пасля дажджу. Вораг, сапраўды, тупы, і нашыя збройныя сілы знішчаюць шмат сілаў праціўніка», – падкрэсліў старшыня Чарнігаўскай абласной адміністрацыі Вячаслаў Чавус.

Пра скарачэнне расейскай групоўкі на кіеўскім ды чарнігаўскім кірунках паведамляе і Міністэрства абароны Расеі. Выведзеную тэхніку акупантаў ужо бачаць у Лоеве і Гомлі.

Адначасова Масква працягвае сцягваць тэхніку да Марыупалю. У разбураным горадзе без вады, святла і цяпла ў сырых сутарэннях разбураных дамоў па-ранейшаму застаюцца каля 160-ці тысячаў жыхароў. На сёння расейскі і ўкраінскі бакі ўзгаднілі тры гуманітарныя калідоры для вывазу марыупальцаў.

«З Запарожжа выехалі 34 аўтобусы для эвакуацыі марыупальцаў з Бярдзянску. Чакаем, што да вечара яны дабяруцца да гораду. Учора ўдалося вывесці з Бярдзянску 880 марыупальцаў», – паведаміла віцэ-прэмʼер-міністр Украіны Ірына Вэрэшчук.

Сёння Служба бяспекі Украіны пачала расследаванне ў сувязі з прымусовым вывазам марыупальцаў у Расею. Па дадзеных гарсавету, з пачатку баявых дзеянняў у горадзе загінула каля 2300 мірных жыхароў.

Антон Каменскі, «Белсат»