У Берасці судзяць затрыманых за развешванне манекенаў міліцыянтаў


У Берасці некалькі чалавек судзяць паводле двух крымінальных артыкулаў за выраб і развешванне манекенаў, якія ўвасаблялі міліцыянтаў, і падпал апонаў. На паседжанне трапілі толькі адвакаты і некалькі блізкіх родзічаў зняволеных.

«На сённяшні працэс прыйшло каля 50 чалавек. Адразу па той зале, якую яны абралі для судовага паседжання, было зразумела, што на яго трапяць далёка не ўсе», – кажа грамадскі актывіст Андрэй Шарэнда.

«Я там не вельмі ў справе. Таму што я пад падпіскай аб неразгалошванні і таму падобнае. Але абавязваюць ч. 2 арт. 339. Тое, што яна зрабіла, я лічу, не падпадае ні пад якое пытанне менавіта паводле гэтага артыкулу», – распавядае хлопец зняволенай Аліны Муратавай Валер Бонзар.

Справу разглядае суддзя Ленінскага раёну Берасця Аляксандр Семянчук, які неаднаразова выносіў палітычныя прысуды. Пакуль паседжанне перанеслі на 1 красавіка.

У гэты ж дзень у Гомлі судзілі актывіста Уладзіміра Няпомняшчых. Спачатку справу павінны былі разглядаць 25-га сакавіка. Але жадаючых падтрымаць палітзняволенага ў Дзень волі магло б быць шмат, таму ўлады хутка змянілі тактыку, лічыць праваабаронца Васіль Палякоў.

«Уладзімір Няпомняшчых – асоба, вядомая ў горадзе. І калі на суд прыйдуць 100–200 чалавек, гэта будзе вялікая падтрымка і гэта будзе непажаданая актыўнасць для ўладаў», – кажа праваабаронца Васіль Палякоў.

«Па-першае, нашыя валанцёры, яны ўжо падрыхтаваныя да таго, што ў нас працэсы закрытыя. Таму правесці гэты працэс так, каб ніхто не запісаў аўдыё самога працэсу, проста немагчыма», – кажа грамадская актывістка Алена Давыдава.

Сёння ж адбылося чарговае паседжанне ў адной з самых гучных палітычных справаў – справе «Белгазпрамбанку». Напярэдадні яе галоўны фігурант Віктар Бабарыка нагадаў з СІЗА пра стварэнне палітычнай партыі «Разам».

«Я ніколі не быў ні ў якой партыі і не меркаваў, што такая форма аб’яднання людзей мае права на існаванне ў XXI ст. Але беларусы паказваюць, што я не меў рацыі. Нам трэба партыя. Але партыя не як самамэта, а як найбольш эфектыўны інструмент дасягнення нашай перамогі. Партыя нашай будучыні, заснаванай на праўдзе, дабрыні і свабодзе».

На сённяшнім паседжанні ў справе «Белгазпрамбанку» суд адхіліў некалькі хадайніцтваў абароны: весці поўны пісьмовы пратакол паседжанняў і дапытаць у якасці сведак двух грамадзянаў Латвіі. Паводле следства, Бабарыка праз іх ажыццяўляў інкрымінаваныя яму дзеянні.

Надзея Бельская, «Белсат»