Генпракуратура: Святлана Ціханоўская рыхтавала тэракт


Новая крымінальная справа ў Беларусі. Генпракуратура заявіла, што Святлана Ціханоўская разам з ініцыятывай «ByPol» рыхтавала тэракт – выбухі і падпалы ў сталіцы ды іншых гарадах.

«Афіцыйны каментар прэс-службы Святланы Ціханоўскай гучыць так: з жартаў пра Ніка і Майка ўжо ніхто не смяецца, таму Генпракуратура прапанавала нам новы мэм», – кажа прэс-сакратар Святланы Ціханоўскай Ганна Красуліна.

Пра тое, што ГУБАЗіК раскрыў чарговае тэрарыстычнае злачынства, заявіў і Аляксандр Лукашэнка падчас нарады пра грамадска-палітычную абстаноўку ў краіне. Віну ж за нібыта рыхтаванне тэракту, як і за кіраванне пратэстамі, ён усклаў на «ByPol»:

«Ужо некаторыя там каналы, якія раней вадзілі па Менску «пратэстуноў», ад гэтага адмовіліся. З’явіліся больш радыкальныя, кшталту распіяранага вамі «ByPol», дзе паўтара-два дзясяткі былых нібыта вайскоўцаў. Цяжка іх, вядома, назваць вайскоўцамі. Вы бачыце гэтыя заклікі да радыкалізацыі».

Ініцыятыва «ByPol» назвала абвінавачванні хлуснёй і адзначыла, што некалькі дзён таму публічна папярэджвала пра рыхтаванне ўладамі правакацыі з выбухамі.

«ByPol» сёння найбольш раздражняе ўлады, адзначае палітолаг Павел Усаў. Ініцыятыва не толькі паказвае, як можна змяняць палітычны лад шляхам выкрыцця злачынцаў, але і дэмаралізуе сілавыя структуры, што працуюць на Лукашэнку:

«Вядома, «ByPol» збольшага дае грамадству магчымасць прасочваць, якія адбываюцца працэсы ўнутры структураў, якая там дэзарганізацыя, бо валодае інфармацыяй».

Такі выцек інфармацыі небяспечны і для Лукашэнкі, і для самых сілавых структураў, адзначае палітолаг, таму менавіта на дыскрымінацыю «ByPol» скіраваныя сёння высілкі ўладаў.

«Улада стварае сваю карціну свету, сваю сістэму бачання праблемы, у якой яны самі жывуць і ў якой яны хочуць каб жылі тыя людзі, якія давяраюць уладзе», – адзначае палітолаг Валер Карбалевіч

У гэтых умовах улада абяцае абараняць сваіх. Адпаведныя захады нібыта ўключаць у Закон аб дзяржабароне – ад асабістых целаахоўнікаў для сілавікоў і аж да змянення іх выгляду пры патрэбе. Павел Усаў называе такія заявы паказушным клопатам улады.

«Уладам трэба рэагаваць ідэалагічна і палітычна. Таму робяцца такія заявы, што дзяржава абароніць сваіх прыхільнікаў любымі метадамі, але збольшага гэта абсурдныя заявы, гэта немагчыма рэалізаваць і гэтага ніхто не будзе рабіць», – кажа Павел Усаў.

Паклапаціцца ўлада абяцае не толькі пра сілавікоў. «Мы ніколі не дапусцім, каб наш народ баяўся выйсці на вуліцы», – заявіў Лукашэнка. Але народ ужо баіцца, і баіцца акурат тых, хто мае яго абараняць:

«Страх перад праваахоўнымі органамі, бо зверскія ўчынкі робяць і, на жаль, гэта пацверджана ўжо».

«Як паказала практыка, у шмат якіх выпадках не трэба быць удзельнікам пратэстаў, каб загрымець на Акрэсціна».

«Незалежна ад таго, ёсць пратэсты ці не, усё адно страшнавата, бо нашыя абаронцы нас абараняюць, на жаль, не так, як павінны», – кажуць жыхары Менску.

Не так, як павінна, абараняе сваіх грамадзянаў і дзяржава. Замест таго каб прыслухацца да пратэстоўцаў, прапаноўваецца змяніць заканадаўства. Напрыклад, дазволіць працадаўцам звальняць работнікаў за заклікі да палітычных страйкаў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»