Афіцыйна: пратэставая актыўнасць на нулі. Але людзей затрымліваюць і прысуджаюць содні за акцыі


«У Беларусі пратэставая актыўнасць набліжаная да нуля», – напісала Вольга Чамаданава, прэс-сакратар Міністэрства ўнутраных справаў, у «Twitter» у суботу, 27 сакавіка. І зняпраўдзіла інфармацыю пра масавыя затрыманні ў гэты дзень.

«Інфармацыя пра масавыя затрыманні, у прыватнасці каля плошчы Бангалор, не адпавядае рэчаіснасці, як і пра перакрыццё руху ў раёне Кастрычніцкай плошчы», – заявіла Вольга Чамаданава.

Акурат на плошчы Бангалор а другой гадзіне ў суботу быццам бы быў прызначаны збор пратэстоўцаў пасля дэмаршу на Дзень Волі. І хоць вялікай колькасці людзей тут не назіралася, на месца сцягнулі аўтазакі і спецтэхніку.

Нягледзячы на сцвярджэнні афіцыйнай прадстаўніцы МУС пра адсутнасць пратэставай актыўнасці, праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляе пра амаль паўтысячы затрыманых 25 і 27 сакавіка.

Сёння ж суды пачалі раздаваць прысуды за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях. Гэтак, 15 содняў арышту атрымаў Аляксандр Дзяшкевіч, які, паводле жонкі, выйшаў у краму, а апынуўся ў Кастрычніцкім РУУС.

«У апытанні ў РУУС, калі праводзілася, ягоную гісторыю, якую ён расказаў двойчы ці тройчы, ужо не памятаю, колькі ён сказаў за суд, – яе не напісана, яе няма. І тое, што ён жаночага роду ў пратаколе, – гэта натуральна: мужчына 1,92 м пад 100 кг вагі вельмі падобны да жанчыны. І тое, што яны не могуць апісаць, у чым ён быў, калі ён быў у рыжых вельветавых штанах, якія бачна здалёк. Чалавек, які ідзе на пратэст, наўрад ці будзе так апранацца», – кажа Кацярына Дзяшкевіч, жонка арыштаванага Аляксандра.

Столькі ж прысудзілі хлопцу, якога забралі з прыпынку ля плошчы Бангалор і абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі, быццам бы ён ішоў у натоўпе і выкрыкваў лозунгі.

«На судзе былі пытанні: пра сведак, пра яго паказанні. Яны не сыходзіліся з пратаколам. Але гэта ўсё няважна. Вядзецца нейкі дыялог у працэсе суда, але як толькі пачынае суд зачытваць рашэнне, адразу зразумела, што яны загадзя ведаюць, што будуць казаць. У гэты момант працэс мыслення спыняецца, проста агучванне», – сцвярджае сябра асуджанага на содні.

15 содняў за непадпарадкаванне атрымаў Андрэй Шаўчэнка, працаўнік шпіталю МУС. Яго затрымалі ў суботу непадалёк станцыі метро «Кавальская Слабада». Сваёй віны хлопец не прызнаў. На паўмесяца зняволення асудзілі артыстку аркестру Тэатру оперы і балету Анастасію Пятрову. Паводле дзяўчыны, яна ішла з сябрам у піцэрыю пасля спектаклю, аднак у пратаколе значыцца, што Анастасія крычала «Жыве Беларусь». Агулам сёння адбылося болей за 40 адміністратыўных працэсаў: прысудзілі агулам больш за 650 содняў арышту і адзін штраф памерам 870 рублёў.

Марыля Дакуцька, «Белсат»