У жніўні ў Смаргоні выходзіў пратэставаць амаль кожны дзясяты. Збіраюцца і цяпер


«Тутака яшчэ форма, што засталася ад работы», – паказвае сваю форму Людміла Сульжыцкая.

Жанчына некалькі год адпрацавала ў дэпартаменце аховы Міністэрства ўнутраных справаў. Упершыню жанчыну затрымалі падчас паслявыбарчых пратэстаў 9 жніўня. 10-га – яна ўжо вымушаная была сысці. Але форму носіць дагэтуль.

«Не тое што я не маю чаго апрануць, проста надзяваючы гэтую форму, я звяртаюся да тых хлапчукоў, тых нашых дзяцей, якія былі тады ў горадзе. Гэта такі зварот мой», – кажа Людміла.

Сульжыцкая часта выходзіць на вуліцы Смаргоні. Без лозунгаў ці сцягоў. Жанчына прасядзела некалькі дзён у ізалятары часовага ўтрымання і прайшла праз восем судоў. Дзявяты адбудзецца на наступным тыдні. Кабета мусіць выплаціць больш як сто базавых велічыняў штрафу.

«Ужо прыходзілі судовыя выканаўцы. Ну, а што ў мяне забіраць? Лыжку-міску падзяліцца? Дык я і так падзялюся, каму яна патрэбная», – кажа Людміла.

Людмілу ў горадзе называюць смаргонскаю Нінаю Багінскай. Але жанчына перакананая, яна не мітынгуе, у яе адзін зварот да праваахоўных органаў: ґвалту быць не павінна.

«Падабаюцца мне гэтыя словы, за сэрца бяруць», – каментуе Людміла словы з беларускага гімну, якія яна вешае на вокны.

Дзясятак-другі смаргонцаў дагэтуль штодня збіраецца ў цэнтры гораду пад пільным наглядам мясцовай міліцыі. Адкрыта не пратэстуюць – хутчэй сустракаюцца, каб пагаманіць. Шмат хто мае некалькі пратаколаў паводле артыкулу 23.34.

Ілля Петуноў жыве ў Беларусі больш за трыццаць гадоў, але застаецца грамадзянінам Расеі. Пасля атрымання пратаколу яго пазбавілі віду на жыхарства. Напісалі, што ягонае сталае перабыванне ў краіне шкодзіць, між іншага, нацыянальным інтарэсам і маральнасці насельніцтва Беларусі.

«Не грашыма ўсё мераецца. Я лічу так: калі ў чалавека ёсць нейкія перакананні, ён іх мусіць адстойваць. Калі ў чалавека ёсць нейкія правы, ён іх мусіць адстойваць», – перакананы Ілля.

Міліцыянты таксама склалі на Іллю пратакол за тое, што ён паказаў ім кулак, а дадому да яго прыходзілі з ператрусам. Жонка мужчыны фігуруе ў крымінальнай справе аб паклёпе на сілавікоў.

«Дзеці растуць на прыкладзе бацькоў, і калі я ў гэтай сітуацыі спужаюся, заткнуся, яны мне потым скажуць: «Тата, а вось была такая сітуацыя, чаму ты забаяўся? Што гэта было?» – кажа мужчына.

Цяпер пракурор Смаргонскага раёну спаганяе праз суд на карысць камунальнікаў 95 рублёў. У якасці адказнікаў – 13 чалавек, якія гулялі па горадзе ў лістападзе з белымі і чырвонымі балонікамі.

«Справа 13» гэтак званая. З 13 увогуле 2 чалавекі не знаходзіліся ў горадзе, што дасканала вядома. Я хадзіў без балонікаў, у мяне іх не было», – кажа Андрэй Пупкевіч.

За гэты шпацыр у горадзе Андрэй ужо адсядзеў пяць содняў. Але пракурор зацята працягвае ціснуць на жыхароў.

«Ну, 90 рублёў, ты ж адрываеш ад працы і суд на цэлы дзень, якому плаціць трэба, напэўна, больш, чым гэтыя 90 рублёў, і яму ж зарплату атрымаць, і яшчэ 13 чалавек ад звычайных справаў адарваць таксама», – кажа праваабронца Алесь Дзергачоў.

Таксама ў горадзе працягваецца расследаванне крымінальнай справы за паклёп на міліцыянтаў. На пачатку восені ў Смаргоні з’явіліся ўлёткі з асабістымі звесткамі шэрагу сілавікоў. За фота гэтых улётак у сацыяльных сетках суддзя Сяргей Боландзь на пачатку студзеня адправіў Рамуальда Улана на два з паловаю гады гэтак званай хіміі. Цяпер міліцыя шукае тых, хто вырабіў і распаўсюдзіў улёткі.

Наста Кахановіч, Белсат