«Сістэму падтрымлівае да 30 % беларусаў». Што кажуць сацыёлагі пасля выбараў


«Такая рызыка існуе. Сапраўды, частка людзей, асабліва менш адукаваныя, тыя, хто працуе на дзяржпрадпрыемствах, у бюджэтным сектары, яны могуць баяцца і могуць свае адказы мадэляваць пад уплывам сваіх пачуццяў і страху», – падкрэсліў аналітык Цэнтру ўсходніх даследаванняў Каміль Клысіньскі.

Гэтак, паводле даследавання, амаль 43 адсоткі беларусаў схільныя бачыць у Расеі пагрозу тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі. Аднак гэта не азначае негатыўнага стаўлення да Расеі ці Уладзіміра Пуціна. Да расейскага лідара пазітыўна ставяцца ледзь не дзве траціны апытаных.

«Тут працуе прынцып «мухі – асобна, катлеты – асобна». І беларусы агулам да Расеі і расяянаў заўсёды ставіліся станоўча. Але паколькі сёння праціўнікаў Лукашэнкі ў краіне не менш за 40 %, то гэтыя людзі ўспрымаюць Расею (як дзяржаву, я маю на ўвазе) як пагрозу», – адзначыў палітолаг Сяргей Нікалюк.

Апытвалі беларусаў у паслявыбарчы перыяд, але больш за 40 % рэспандэнтаў станоўча ацанілі Аляксандра Лукашэнку. Негатыўнае стаўленне сфармулявалі амаль 46 % апытаных.

«З тых розных даследаванняў, якія я ўжо бачыў, вывучаў, то агульна сістэму падтрымлівае да 30 % беларусаў. Не толькі Лукашэнку, а ўвогуле пазітыўнае стаўленне да міліцыі, да сілавых структураў, да парламенту і г. д., і трэба з гэтым лічыцца», – сцвярджае палітолаг Павел Усаў.

Са словаў Паўла Усава, для стабілізацыі сістэмы і рэалізацыі палітыкі тэрору патрэбна больш шырокая сацыяльная база. У сваю чаргу ўсім вядомы мэм выбарчае кампаніі «Саша 3%», паводле палітолага, далёкі ад рэчаіснасці. Ён мае падкрэсліць тое, што прыхільнікі пераменаў – у большасці.

Беларускі адмысловец зазначае, што ў аўтарытарных краінах сацыялагічныя апытанні не заўсёды адлюстроўваюць рэальныя настроі грамадства.

Гэтак, згодна з польскімі даследаваннямі, дзве траціны апытаных выступаюць за расейска-беларускую інтэграцыю ў Саюзнай дзяржаве. Ранейшыя ж апытанні паказвалі, што такія настроі ў Беларусі – на ўзроўні сарака адсоткаў. Затое прыхільнасць да Еўрапейскага Звязу, наадварот, вырасла.

Каця Малей, «Белсат»