28-мі панфілаўцаў не было, гэта выдумка «Красной звезды»


Подзвіг, апеты ў савецкіх падручнікаў, зафіксаваны ў назвах дзясяткаў вуліц ды нават узгаданы ў гімне Масквы. У беларускі пракат выходзіць расейскі фільм «28 панфілаўцаў». Толькі, паводле гісторыкаў і архіўных дакументаў, лёс гэтай гераічнай групы – міф.

«Гэтыя 28 герояў стрымалі наступ нямецкіх танкаў у той самы дзень, пры гэтым не маючы ніякіх сур’ёзных супрацьтанкавых сродкаў, і падбілі 18 нямецкіх танкаў. Па вялікім рахунку, гэта прыклад савецкай ваеннай прапаганды», – цвердзіць гісторык.

Рэальная гісторыя

Бой каля паселішча Дубасекава ў Валакаламскім раёне за сто кіламетраў ад Масквы сапраўды быў часткаю вялікай абароннай кампаніі ад нямецкіх войскаў. Тут была размешчаная 316-ая стралковая дывізія генерал-маёра Панфілава.

А вось канкрэтна пра байцоў 4-ай роты, якія цаной уласных жыццяў знішчылі 18 танкаў вермахту, упершыню напісалі ў газеце «Красная звезда». І абапіраўся журналіст Аляксандр Крывіцкі на сваю фантазію. Пра гэта сведчаць дакументы яшчэ сталінскага перыяду, якія летась апублікаваў Дзяржаўны архіў Расеі.

Святая легенда, да якой нельга дакранацца

«Гэта вынік расследавання, якое вяла галоўная Ваенная пракуратура і якая прыйшла да адзначанага вываду: подзвігу 28 панфілаўцаў не было, гэта выдумка карэспандэнтаў «Красной звезды», – зазначыў былы дырэктар дзяржархіву Сяргей Міраненка (відэа – «Настоящее Время»).

Тое ж самае Сяргей Міраненка, які ўзначальваў Дзяржархіў цягам 23 гадоў, заявіў і на Сусветным кангрэсе расейскай прэсы ў 2015 годзе. На выкрыццё міфу бурна адрэагавалі не толькі журналісты, але і прадстаўнікі ўлады.

«Нават калі гэтая гісторыя была выдуманая ад пачатку да канца, нават калі б не было Панфілава, нават калі б нічога не было – гэта святая легенда, да якой проста нельга дакранацца. А людзі, якія гэта робяць, поскудзі абсалютныя», – упэўнены Уладзімір Мядзінскі, міністр культуры Расеі.

А сёлета ў сакавіку спадар Міраненка сышоў з пасады дырэктара Дзяржархіву: афіцыйна праз свой узрост, але прычынаю мог стаць і канфлікт з міністрам культуры. Між тым высновы Ваеннай пракураты ў 1948 годзе, а пасля такія ж у 88-ым, адназначныя – бой 28-мі панфілаўцаў адбыўся не ў рэчаіснасці, а толькі на палях «Красной звезды».

«Узялі сапраўдныя імёны людзей, якія ваявалі, але проста амаль што ў выпадковым парадку надрукавалі ў газеце, што вось гэта тыя ж самыя героі. Аказалася, што з іх 6 чалавек выжыла, адзін патрапіў у нямецкія палон, а потым быў паліцэйскім на службе немцаў», – распавёў гісторык.

Беларускаму гледачу ўсё роўна

Нешматлікія наведнікі дзённага сеансу ў кінатэатры «Кастрычнік» у Менску да гістарычнай недакладнасці ставяцца з разуменнем:

«Гэта ўсё было, гістарычныя ёсць дакументы, што на перакрыжаванні Дубасекава сапраўды. Там 28 іх было ці больш, мабыць, больш, але гэта гістарычны факт».

«Трэба ў адміністрацыю прэзідэнта і гораду, каб яны дзяцей сюды вадзілі маленькіх, каб глядзелі такія фільмы».

І попыт на гераізацыю мінулага, нават калі факты гавораць пра іншае, ёсць. Амаль $ 600 тыс. на стварэнне стужкі, то бок больш за палову сродкаў, сабралі праз краўдфандынг.

Таццяна Рэут, «Белсат»