Беларусь узмацняе ўсходні вектар палітыкі


6-0 на карысць Крамля. Так эксперты ацэньваюць вынікі замежнай палітыкі Лукашэнкі сёлета. Шэсць сустрэчаў з Пуціным, і ніводнага візіту ў краіны заходняга свету. Раней афіцыйны Менск любіў хваліцца шматвектарнасцю і перамовамі ў беларускай сталіцы наконт сітуацыі ва Украіне. Сёння ж Расея і некалькі іншых постсавецкіх краінаў – гэта адзінае поле для манеўру Лукашэнкі на вонкавым фронце.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У Пецярбурзе 11-градусны мароз, але Аляксандра Лукашэнку прымаюць цёпла. Расея цяпер – апошні стратэгічны партнёр афіцыйнага Менску. А на Захадзе ў беларускага дыктатара сяброў няма.

«За год адбылося канчатковае разбурэнне заходняга вектару замежнай палітыкі Беларусі і заняпад усіх астатніх напрамкаў, акрамя зносінаў з Расеяй», – адзначае доктар палітычных навук Андрэй Казакевіч.

Сапсаваныя адносіны з Захадам усё часцей штурхаюць Лукашэнку ў абдымкі Уладзіміра Пуціна. Толькі сёлета яны правялі 5 сустрэчаў, заўтра – шостая. Яшчэ былі шматлікія тэлефонныя размовы. Такой шчыльнасці кантактаў раней не назіралася. У развароце на ўсход Менск абвінавачвае Еўразвяз, што ўвёў супраць рэжыму санкцыі. Першыя тры санкцыйныя пакеты былі, бадай, сімвалічнымі, адзначае Андрэй Казакевіч:

«Першыя сур’ёзныя санкцыі былі ўведзеныя пасля пасадкі “Боінга”. Хто прымусіў беларускія ўлады пасадзіць гэты “Боінг”? Масква? Еўрапейскі Звяз? Пытанне рытарычнае».

Самалёт авіякампаніі «Ryanair» рэйсам Афіны – Вільня з апазіцыйным блогерам Раманам Пратасевічам на борце беларускія ўлады прымусілі прызямліцца ў менскім аэрапорце 23-га траўня. Еўразвяз успрыняў гэта як пагрозу бяспецы ўласным грамадзянам і адрэагаваў яшчэ мацнейшымі санкцыямі. У адказ Менск зарганізаваў міграцыйны паток на межы Літвы, Польшчы і Латвіі. Ужо ў снежні Еўразвяз, ЗША, Канада і Вялікая Брытанія сінхронна ўвялі новыя санкцыі ў адказ на міграцыйны крызіс.

«Так, гэта абʼектыўна ўзмацняе пазіцыі Масквы, але прычым тут Еўрапейскі Звяз? Рашэнні прымаліся ў Менску паводле гэтых эпізодаў», – кажа Андрэй Казакевіч.

Калі санкцыйны націск будзе нарастаць, Беларусь рызыкуе страціць дзяржаўнасць, заявіў кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей. Аднак забыўся згадаць аб дваццаці васьмі праграмах інтэграцыі Расеі і Беларусі. Праграмы Масква і Менск узгаднілі яшчэ ў верасні, у лістападзе Пуцін і Лукашэнка зацвердзілі іх на Вышэйшым дзяржаўным савеце.

«Нават калі адкрыюцца рынкі, нават калі будуць гарманізаваныя 28 праграмаў, нават калі зʼявіцца супольная беларуска-расейская эканоміка, калі ва ўладзе застанецца Лукашэнка, сюды грошы расейскіх інвестараў не пойдуць. Гэта будзе чорная дзірка», – мяркуе расейскі палітолаг Андрэй Суздальцаў.

Цяпер адна з галоўных задачаў Крамля – вывядзенне Беларусі з палітычнага крызісу. А гэта можна зрабіць шляхам канстытуцыйнага рэферэндуму, мяркуе палітолаг:

«Масква не будзе ўмешвацца ў абмеркаванне праекту. Лукашэнка пакажа яго Пуціну заўтра, 29-га, пасля гэтага яны збіраюцца ўсе разам і, хутчэй за ўсё, Пуцін ухваліць, з увагі на тое, што гэта ўнутраная справа беларускай дзяржавы».

Незалежны вайсковы эксперт Аляксандр Алесін нагадвае, што Масква перадала беларускім вайскоўцам зенітна-ракетны комплекс С-400, стварыла на тэрыторыі Беларусі дзве вайскова-навучальныя базы, прыкметна вырасла і колькасць супольных вайсковых вучэнняў.

«Насамрэч атрымліваецца, што расейскі кантынгент у тым ці іншым выглядзе пастаянна прысутнічае ў Беларусі – і пра гэта можна гаварыць як пра ўзмацненне расейскай прысутнасці Расейскай Федэрацыі ў Беларусі», – падкрэсліў Аляксандр Алесін.

Яшчэ ў лістападзе Менск і Масква зацвердзілі супольную ваенную дактрыну, а на мінулым тыдні заявілі пра фармаванне адзінай абароннай прасторы. На думку эксперта, гэта азначае, што калі паміж Расеяй і Украінай успыхне ўзброены канфлікт, Беларусь будзе абавязаная выступіць на баку свайго апошняга саюзніка.

Антон Каменскі, «Белсат»