«Віза – гэта не пра адпачынак, гэта пра бяспеку, калі да цябе заўтра прыйдзе ГУБАЗіК ці КДБ»


Ад сёння, каб запісацца ў любы польскі візавы цэнтр, трэба прайсці верыфікацыю ў міжбанкаўскай сістэме ідэнтыфікацыі. Гучыць складана, але насамрэч працэдура мае спрасціць атрыманне візаў для беларусаў. А менавіта – абмінуць пасярэднікаў, якія за запіс у чаргу прасілі вялізныя грошы. Змены адбыліся дзякуючы намаганням Офісу Святланы Ціханоўскай.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Добрая навіна для тых, хто доўга не можа запісацца ў польскія візавыя цэнтры. Ад сёння працэдура падачы дакументаў на атрыманне візы мае зрабіцца прасцейшаю!

Цяпер алгарытм запісу выглядае наступным чынам: спачатку трэба зайсці на сайт сістэмы АРІП і на ўкладцы «Міжбанкаўская сістэма ідэнтыфікацыі» прайсці онлайн-верыфікацыю. Пасля гэтага вы атрымаеце ўнікальны код, які вам спатрэбіцца для запісу на сайце «VFS Global». На жаль, сёння старонка запісу на сайце сістэмы «АРІП» не працавала, і мы не змаглі спраўдзіць алгарытму.

«Зараз попыт на візы, магчыма, самы вялікі ў гісторыі Беларусі. Але віза – гэта не раскоша, віза – гэта не пра адпачынак, гэта пра бяспеку, калі да цябе заўтра прыйдзе ГУБАЗіК ці КДБ, ты зможаш сам выехаць у бяспечную краіну са сваёй сям’ёй», – зазначае старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Праз каронавірус і палітычную сітуацыю ў Беларусі візавыя цэнтры скарацілі колькасць персаналу і тыпы візаў, якія яны выдаюць. У сваю чаргу гэта спарадзіла спекуляцыі на рынку.

«Гэта склала рынак, калі можна на гэтым добра зарабляць, таму з’явіліся такія арганізацыі. Яны займаліся турыстычнымі паслугамі, якія зараз зарабляюць грошы, каб прадаць месцы запісу на атрыманне візаў», – нагадвае юрыстка Офісу Святланы Ціханоўскай Крысціна Рыхтэр.

Пры гэтым ні адна фірма-пасярэдніца не гарантуе ні атрымання візы, ні атрымання яе на працяглы тэрмін, а кошты толькі на рэгістрацыю для падачы дакументаў пачынаюцца ад 400 рублёў і могуць сягаць нават 1800. Як распавяла нам на ўмовах ананімнасці Наталля, якая не так даўно змагла атрымаць гэтак званую айцішную польскую візу, праблема мае сістэмны характар:

«Запісацца можна толькі праз сайт амбасады, і прапановы выкідаюць адзін дзень на тыдзень – у серады. І ў гэты дзень сайт проста ляжыць. Ты заходзіш, трэба прайсці праз некалькі ступеняў аўтарызацыі, і на любым з гэтых этапаў цябе выкідае ці сайт перастае заладоўвацца. Ты можаш дайсці практычна да канца, але не атрымаць брані. Колькасць месцаў абмежаваная, напрыклад, 20, а ахвотных – сотні. Трэба ўсё вельмі хутка рабіць. А яшчэ перакупы, тыя самыя фірмы-пасярэднікі, якія дапамагаюць стаць у чаргу. Яны імгненна забіраюць гэтыя месцы. Ці то яны працуюць праз нейкія боты ці спецыяльныя праграмы, але практычна пакідаюць без надзеі атрымаць бронь самастойна».

Новы механізм накіраваны акурат на тое, каб людзі маглі самастойна зарэгістравацца на падачу дакументаў на візу. Гэтая змена – вынік працы Офісу Святланы Ціханоўскай.

«Раз на два месяцы мы збіраемся, каб абмеркаваць усе пытанні. І таму на такім узроўні агульнаеўразвязаўскім паразуменне ёсць вельмі добрае. Але ж на палітыку краінаў яны маюць уплыў, таксама трэба разумець, што асобныя краіны – гэта асобныя краіны. Гэта павінна быць сталая праца з імі ўсімі», – тлумачыць юрыстка Офісу Святланы Ціханоўскай Крысціна Рыхтэр.

Цяпер для Офісу Святланы Ціханоўскай вельмі важна атрымаць зваротную сувязь: калі новая сістэма запісу на падачу дакументаў на польскую візу будзе эфектыўнай, то Офіс Ціханоўскай прапануе гэтую схему і іншыя краінам.

Аліна Скрабунова, Марыля Дакуцька, «Белсат»