Святлана Ціханоўская наведала Бухарэст. Папярэднія вынікі афіцыйнага візіту


Кожнае злачынства мусіць быць зафіксаваным і расследаваным. Так Святлана Ціханоўская заклікала парламент Румыніі падтрымаць стварэнне міжнароднага трыбуналу для Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Абраная прэзідэнтка Беларусі ўпершыню наведала Бухарэст з працоўным візітам.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Пасля працоўнага візіту ў Канаду, дзе Святлана Ціханоўская сустрэлася са старшынёй Рады БНР Івонкаю Сурвілай і прэм’ер-міністрам Жустэнам Трудо, кіраўніца Абʼяднанага пераходнага кабінету наведала з візітам Румынію – таксама ўпершыню.

Адбылася працоўная сустрэча з румынскім міністрам замежных справаў Багданам Аўрэску – на ягонае запрашэнне.

Святлана Ціханоўская распавяла Багдану Аўрэску пра апошнія падзеі ў Беларусі, звязаныя з парушэннем правоў чалавека, падзякавала за палітычную і дыпламатычную падтрымку беларусаў з боку Румыніі ды падкрэсліла, што большасць насельніцтва – супраць незаконнай і несправакаванай расейскай агрэсіі ва Украіне.

«Міністр Багдан Аўрэску выказаў занепакоенасць румынскага боку пастаянным пагаршэннем унутранай сітуацыі ў Беларусі ды асудзіў рашэнне менскіх уладаў адкрыта падтрымаць агрэсіўную вайну Расеі супраць Украіны», – паведаміла Міністэрства замежных справаў Румыніі.

Прадстаўнік афіцыйнага Бухарэсту нагадаў пра ўнёсак Румыніі ў Еўрапейскі фонд падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі. Святлана Ціханоўская і Багдан Аўрэску дамовіліся пра рэалізацыю стыпендыяльнай праграмы для беларусаў. Летась Румынія ў адказ на палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі, сярод іншага, вылучыла 100 стыпендыяў для беларускіх студэнтаў.

Сёння ж Святлана Ціханоўская наведала румынскі парламент. Яна сустрэлася з прадстаўнікамі камітэтаў міжнародных справаў Сенату і Палаты дэпутатаў. Святлана Ціханоўская зноўку падкрэсліла, што беларусы – супраць вайны.

«Я заклікала падтрымаць стварэнне міжнароднага трыбуналу для Пуціна і Лукашэнкі. Кожнае злачынства мусіць быць зафіксаванае і расследаванае – як злачынствы супраць чалавецтва ў Беларусі, так і ваенныя злачынствы ва Украіне», – паведаміла Святлана Ціханоўская ў афіцыйнай справаздачы.

У плане працоўнага візіту абранай прэзідэнткі Беларусі – сустрэча з прэмʼер-міністрам Румыніі Нікалаэ Чукэ і ўдзел у саміце міністраў замежных справаў краінаў NATO, які адбудзецца ў Бухарэсце. І вельмі важна, каб там таксама прагучала тэма незалежнасці Беларусі.

Сёння ж у румынскай сталіцы пачалася Сустрэча мюнхенскіх лідараў – саміт бяспекі, прысвечаны перадусім дапамозе Украіне. Святлана Ціханоўская таксама туды запрошаная.

«Еўраатлантычная супольнасць выходзіць яшчэ больш моцнаю ды ўстойліваю з крызісу, створанага Расеяй. Мы яшчэ больш абʼяднаныя і рашучыя, каб абараніць нашыя агульныя каштоўнасці: дэмакратыю, правы чалавека, права закону і права кожнага народу самому выбіраць сваіх сяброў і саюзнікаў», – заявіў прэзідэнт Румыніі Клаўс Ёганіс падчас адкрыцця Сустрэчы мюнхенскіх лідараў.

Сімвалічны, але важны момант: у нядзелю Святлана Ціханоўская ўсклала кветкі да помніку ахвярам рэвалюцыі 1989 года і наведала тое месца, дзе з балкона выступаў Нікалаэ Чаўшэску. Прэзідэнт Сацыялістычнай рэспублікі Румынія, які давёў краіну да голаду і галечы, 21 снежня 1989 года прамаўляў на адмыслова сагнаным мітынгу сваіх прыхільнікаў. Мітынг перарос у масавыя пратэсты супраць камунізму. Чаўшэску загадаў разганяць дэманстрацыі зброяй. Праз некалькі дзён Румынскай рэвалюцыі, пасля таго, як сілавікі Чаўшэску пры падтрымцы Масквы забілі больш за тысячу чалавек, сацыялістычны кіраўнік быў схоплены і расстраляны вайсковым трыбуналам за злачынствы супраць народу і генацыд. Сёння Румынія – дзяржава Еўразвязу і блоку NATO з рынкавай эканомікай.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»