Следчы камітэт за апошні час завёў дзясяткі крымінальных справаў нібыта за тэрарызм


Такой колькасці справаў па тэрарыстычным артыкуле не было, бадай, за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Папулярным артыкулам таксама стае «Здрада дзяржаве». Чаму сілавікі ўсё часцей выстаўляюць менавіта такія абвінавачанні? Чаго баіцца менскі рэжым?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Следчы камітэт завёў 30 крымінальных справаў паводле артыкулу «Акт тэрарызму». У тым ліку за пашкоджанне інфраструктуры чыгункі падчас перасоўвання расейскіх войскаў праз Беларусь. Пра гэта дзяржаўным медыям распавёў прадстаўнік ведамства. Ці сапраўды дзеянні рэйкавых партызанаў можна трактаваць як тэрарызм?

«З пункту гледжання закону можна казаць пра тэрарызм толькі ў тым выпадку, калі сапраўды існуе небяспека катастрофы», – тлумачыць праваабаронца Раман Кісляк.

Для гэтага патрэбная аб’ектыўная экспертыза, а не проста меркаванне следчых, сцвярджае праваабаронца. Да «акту тэрарызму» некаторым затрыманым дадаюць яшчэ адзін «цяжкі» артыкул.

«Такія злачынствы ўчыняліся на заданне замежных куратараў экстрэмісцкіх супольнасцяў. Таму ў асобных выпадках злачынцы дадаткова абвінавачваюцца ў здрадзе дзяржаве», – кажа намеснік старшыні Следчага камітэту Анатоль Васільеў.

На думку Рамана Кісляка, з такою логікай як здраду дзяржаве могуць трактаваць любыя кантакты, супрацу з замежнікамі або беларускаю палітычнаю эміграцыяй. Кваліфікацыя так званага злачынства залежыць ад таго, як менавіта сілавікі хочуць пакараць апанентаў рэжыму, тлумачыць юрыст Міхаіл Кірылюк з Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.

«Яны спачатку бачаць: гэта ворагі. Нам неабходна іх неяк запужаць, неяк пераследаваць. Давайце завядзем на іх справу. Якую заўгодна, але такую, каб, напрыклад, з канфіскацыяй. Тады глядзім у бок “тэрарызму”», – кажа Міхаіл Кірылюк.

Абвінавачанні ў тэрарызме і здрадзе дзяржаве маюць адахвоціць беларусаў ад радыкальнага пратэсту, мяркуе палітолаг Андрэй Ягораў.

«Гэтыя вялікія тэрміны, сітуацыі, калі пры затрыманні людзям стралялі па нагах, – гэта ўсё элементы запужвання, каб застрашыць людзей, каб не рабілі падобнага сабатажу», – кажа Андрэй Ягораў.

Функцыянер Следчага камітэту згадаў таксама палкі «Пагоня» і Каліноўскага. Па факце іх стварэння завялі крымінальныя справы. А беларусам, якія паспрабуюць далучыцца да гэтых фармаванняў, пагражаюць жорсткаю караю.

«Прыйдзе час, калі нашая краіна-суседка скажа, што гатовая аддаць злачынцаў. Так званыя змагары мусяць гэта разумець. Тэрарызм і экстрэмізм ува ўсіх краінах свету лічыцца злачынствам», – заявіў Анатоль Васільеў са Следчага камітэту.

Крымінальны кодэкс сапраўды прадугледжвае пакаранне за ўдзел у вайне на тэрыторыі іншых краінаў. Але закон дзейнічае аднабакова.

«У нас беларускія ўлады прыцягваюць да адказнасці толькі тых, хто ваюе на баку Украіны. Тых, хто ваюе на баку Расеі, да адказнасці не прыцягваюць. Ні наёмнікаў Вагнэра, нікога», – адзначае Міхаіл Кірылюк.

У кнізе «Беларускі Данбас» ёсць інтэрвʼю з беларусамі-наёмнікамі, якія ваявалі за так званыя ДНР і ЛНР. Паводле Міхаіла Кірылюка, нікога з гэтых людзей у Беларусі да адказнасці не прыцягнулі. Затое тэрмін за «здраду дзяржаве» атрымала суаўтарка кнігі – журналістка «Белсату» Кацярына Андрэева. Полк Каліноўскага ж афіцыйны Менск, падобна, успрымае як пагрозу для сябе.

«Гэта іх непакоіць, таму што нават невялікія такога кшталту атрады ў сітуацыі нестабільнасці могуць адыграць сваю ролю ў змене рэжыму», – мяркуе палітолаг Андрэй Ягораў.

Імаверна, рэжым шчодра раздае абвінавачанні паводле «цяжкіх» артыкулаў дзеля ўласнай бяспекі. Гэтак, за апошнія два гады Следчы камітэт адзначыў ажно 11 000 так званых «злачынстваў экстрэмісцкага характару».

Валянцін Васіленка, «Белсат»