Кітайцы пратэстуюць супраць улады камуністаў


У Кітаі днямі быў зарэгістраваны абсалютны рэкорд: 31 444 новыя выпадкі заражэння каронавірусам. Але камуністычны ўрад краіны не жадае прызнаваць, што ягоныя намаганні ў барацьбе з хваробаю – неэфектыўныя. Праблема даўно ўжо перастала быць выключна медычнай, а ператварылася ў сацыяльную, эканамічную і нават палітычную.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Кітай прытрымліваецца дынамічнай палітыкі нулявога ковіду і ўносіць карэктывы, зыходзячы з рэальнасці на месцах».

З такою заяваю выступіў у панядзелак, 28 лістапада, прадстаўнік кітайскага Міністэрства замежных справаў Чжаў Лі Цзянь. Але кітайцы ўжо не вераць. За апошнія гады яны пераканаліся, што шлях барацьбы з каронавірусам, які абрала Камуністычная партыя Кітаю, – неэфектыўны і нават згубны. Масавыя пратэсты ахапілі гарады Пекін, Урумчы, Шанхай, Ўу-Хань, Сінь-Цзян, Гўанчжоў, Нань-Цзін, Лань-Чжоў, Чжэнчжоў, Чэнду, Чун-Цін і Да-Лі. Трыгерам стаў пажар у шматпавярховым жылым доме ў горадзе Урумчы. Там ужо больш за 100 дзён дзее жорсткі каранцін і закрытыя цэлыя кварталы. Таму да месца здарэння не здолелі своечасова дабрацца ні медыкі, ні ратавальныя службы. У выніку загінулі 10 асобаў, 9 – пацярпелі.

Калі ўвесь свет паступова зняў ковідныя абмежаванні, Кітай так і застаўся шчыльна закрытым ад замежнікаў. Але нешматлікія кітайцы, якія неяк здолелі выехаць за мяжу, са здзіўленнем высветлілі: у іншых краінах людзі ўжо жывуць як раней, і ковід насамрэч – пераадолены. Незадавальненне жыхароў Кітаю камуністычным урадам прыхавана тлела, як пажар на тарфяніку, і нарэшце выбухнула.

«Многія чакалі, што Кітай адкрыецца і пачне аслабляць гэтыя меры. Але аказалася, што не, – канстатуе экспертка ў пытаннях Усходняй Азіі Наталля Бутырская. – Наадварот: палітыка стрымлівання локдаўнаў – яе падтрымлівае новая ўлада, і яе будзе працягваць Сі Цзінь Пін».

Адметнасць цяперашніх пратэстаў, апроч незвычайнай масавасці, у тым, што да патрабаванняў адмяніць жорсткі каранцін дадаліся палітычныя лозунгі: «Сі Цзінь Пін, сыходзь!» і «Камуністычная партыя, сыходзь!» Сотні студэнтаў выйшлі на плошчы з белымі аркушамі паперы і крычалі: «Дэмакратыя і вяршэнства закону! Свабода выказвання!». Зрэшты, на думку кітаісткі Наталлі Бутырскай, уладзе камуністаў на чале з Сі Цзінь Пінам наўрад ці што пагражае. На ейную думку, «старшыня Сі» справіцца, ужываючы ціск на пратэстоўцаў. Кітайскія камуністы працягнуць сваю звышстрогую палітыку ў дачыненні каронавіруса. Яе яшчэ называюць «палітыкаю нулявога ковіду». Пры найменшым падазрэнні на наяўнасць хваробы, нават бессімптомнай, закрываюцца цэлыя раёны. Людзі стаміліся ад штодзённых праверак і забароны пакідаць свае дамы. У той час, калі ўвесь свет робіць прышчэпкі і вучыцца суіснаваць з ковідам, Кітай працягвае практыку жорстка абмежаваных кантактаў. Таму ў краіне няма калектыўнага імунітэту.

«Ёсць краіны, у якіх 95% жыхароў вакцынаваны. Гэта значыць, людзі маюць імунітэт, – патлумачыў загадчык кафедры інфекцыйных хваробаў з Медычнага ўніверсітэту ў Кіеве Аляксандр Дуда. – Так, імунітэт змяняецца, ён змяншаецца на працягу года. Таму ідзе гаворка аб тым, што трэба праводзіць дадатковыя вакцынацыі»

Медыкі і навукоўцы яшчэ раней папярэджвалі: ковід – гэта назаўсёды. Трэба навучыцца з ім жыць і трымаць пад кантролем. Тут дапаможа толькі масавая вакцынацыя. А зачыненыя дзверы – слабая абарона.

Марына Яновіч, «Белсат»