У Беларусі праблемы з працай крамаў


Праз інтэрнэт сёння немагчыма набыць ні беларускага абутку, ні мэблі, ні каштоўнасцяў. Інтэрнэт-старонкі брэндаў «Белвест», «Марка», «Мегатоп» абвясцілі пра тэхнічныя працы на сайтах. Зніклі цэны для ўпрыгожанняў на сайтах шэрагу ювелірных крамаў і цэны для мэблі на сайце прадпрыемства «Пінскдрэў».

«На прадпрыемстве праводзіцца штогадовая інвентарызацыя. Уся інфармацыя пра цэны з’явіцца пазней. Чакаем вас у нашых крамах. Прабачце за нязручнасці», – паведамляе тэхнічнае падтрыманне інтэрнэт-крамаў «Пінскдрэў».

Інтэрнэт-крамы закрыліся пасля нявыхаду на працу прадпрымальнікаў, якія гандлююць на рынках нехарчовымі таварамі. У больш як дзясятку беларускіх гарадоў іпэшнікі патрабавалі патлумачыць змены ў пастанове ўраду №713 наконт рэгулявання цэнаў. Чыноўнікі сустрэліся з актывістамі, дзесьці, як на Гомельшчыне, прыгразілі штрафамі, дзесьці – прапанавалі ўладкаваць пытанні ў працоўным парадку.

Берасцейскі абласны выканаўчы камітэт адрапартаваў:

«Былі праведзеныя сустрэчы з актывамі прадпрымальнікаў у рэгіёнах, дзе адбыліся гэтыя факты, у прыватнасці ў Берасці, Баранавічах, Пінску, былі дадзеныя канструктыўныя прапановы, былі заслуханыя праблемныя пытанні, далі тлумачэнні нормаў заканадаўства. На гэты момант напруга знятая, і я ўпэўнены, што рынкі будуць працаваць у штатным рэжыме». Пра гэта заявіў кіраўнік галоўнага ўпраўлення гандлю Берасцейскага аблвыканкаму Валерый Мацкевіч.

Змены ў пастанову пра рэгуляванне коштаў апублікавалі напярэдадні ўвечары, дзеяць жа яны пачалі яшчэ з пазаўчора. Цяпер з пастановы паступова выкрэсліваюць асобныя пазіцыі, так перасталі рэгулявацца цэны на жывыя кветкі, дровы ды іншае. Гэты працэс бізнесовец Аляксандр Кныровіч называе перамогай розуму над варʼяцтвам.

«Людзі, якія на месцах сутыкаюцца з рэальнай немагчымасцю працаваць паводле гэтага дакументу, спрабуюць зрабіць усё падзаконнымі актамі, каб у беларусаў усё ж былі тавары на паліцах, былі ў даступнасці рэчы, каб бізнес хоць неяк мог функцыянаваць», – кажа Аляксандр Кныровіч.

Але тое, што прадпрымальнікі не выйшлі на працу, нельга лічыць страйкам, сцвярджае бізнесовец, гэта проста рэакцыя на немагчымасць працаваць. Найхутчэй, на ягоную думку, улады пойдуць на кантакт з людзьмі і ўнясуць неабходныя змены ў пастанову.

«Ёсць другі варыянт – гэта гісторыі з пракуратурай, чарговымі крыкамі, расстрэламі і гэтак далей. Я вельмі спадзяюся, што ўрад не пойдзе гэтым шляхам. Бо калі ён пойдзе гэтым шляхам – тады сапраўды магчымыя нейкія бунты, магчыма, мы ўбачым нараджэнне нейкага руху. Але я на гэта б ніяк не разлічваў», – кажа Аляксандр Кныровіч.

Чыноўнікі пры гэтым заяўляюць, што пастановы №713 ніхто скасоўваць не будзе, а будуць карэктаваць у рэжыме рэальнага часу. Што ўласна і робіцца цяпер.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»