Залежнасць ад Расеі ўзмацняецца, а пратэставыя настроі растуць


Настрой сярод беларусаў змяніўся з падтрымання мірных пратэстаў на падтрыманне сілавога сцэнара змяніць уладу, а рэжым Лукашэнкі вычарпаў магчымасці росту даверу. Да такой высновы прыйшлі аўтары другога выдання «Беларускага трэкеру пераменаў» – аналітычнага дакладу за тры летнія месяцы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Калі ў першай эдыцыі трэкеру пераменаў мы маглі казаць пра пэўны рост падтрымкі, рост даверу да рэжыму праз наступствы вайны і праз тое, што рэжым ды Лукашэнка змаглі прадаць пэўнай нейтральнай частцы грамадства ідэю, што магло быць яшчэ горш, мы бачым, што ў наступным квартале такой дынамікі больш няма», – кажа падчас прэзентацыі другога выпуску адзін з яго аўтараў, незалежны сацыёлаг Філіп Біканаў.

Пры гэтым з апытання вынікае, што, імаверна, падтрымаюць сілавы спосаб змены ўлады не толькі 47 адсоткаў праціўнікаў рэжыму, але нават 6 адсоткаў яго зацятых прыхільнікаў.

Сярод трэндаў унутранай палітыкі рэжыму Лукашэнкі аўтары дакладу адзначаюць сярод іншага мілітарызацыю дзяржаўнага апарату на фоне вайны ва Украіне.

«Лукашэнка ініцыюе мілітарызацыю шэрагу раней цывільных ведамстваў, навучанне яшчэ большай колькасці людзей ваеннай справе, рыхтуючы іх да патэнцыйнага ўдзелу ва ўзброеным канфлікце. Гэта і выдача стралковай зброі МНС у чэрвені, і навучанне яго працаўнікоў, ратаўнікоў стральбе, і стварэнне народнага апалчэння», – нагадвае заснавальнік агенцтва «Sense Analytics» Арцём Шрайбман.

Павялічылася ўлетку і рэпрэсіўная актыўнасць рэжыму, прычым да ціску на нязгодных сталі прыцягваць праўладны актыў. Рэпрэсіі ж пашырыліся не толькі на ўдзельнікаў паслявыбарчых пратэстаў, але закранулі і медыі, што зусім не займаліся палітыкаю. Мілітарызацыя рэпрэсіяў бачная праз затрыманні, што пракаціліся па поўдні Беларусі.

«Хутчэй за ўсё, гэта такая спроба прыціснуць актывістаў на той момант на той падставе, каб не падавалі інфармацыі ў той жа “Гаюн”, напрыклад, каб здушыць патэнцыйныя партызанаў беларускіх, што на чыгунцы могуць нешта зрабіць», – кажа старэйшы аналітык Цэнтру новых ідэяў Генадзь Коршунаў.

Але хоць паводле аўтараў дакладу палярызацыя прыхільнікаў і праціўнікаў уладаў у грамадстве павялічваецца, для замежнікаў розніца паміж рэжымам Лукашэнкі ды яго праціўнікамі працягвае нівелявацца.

«На фоне звужэння патэнцыйных санкцыяў, якія маглі быць уведзеныя ў дачыненні дзяржаўных інстытутаў, прадпрыемстваў Беларусі, лаяльнага да ўраду бізнесу, усё больш падтрымкі атрымліваюць прапановы ўводзіць абмежаванні, якія непасрэдна закраналі б усіх беларускіх грамадзянаў», – кажа асацыяваны аналітык Еўрапейскай Рады міжнародных стасункаў Павел Слюнькін.

Эфект жа эканамічных санкцыяў, якія ў чэрвені ўступілі ў моц, пачаў быць заўважны цягам летніх месяцаў.

«Усе падсанкцыйныя пазіцыі, напрыклад, дрэва ці металы, практычна спынілі экспарт у Еўразвяз. І ў цэлым, калі параўнаем экспарт у Еўразвяз у чэрвені са студзенем, то бачым падзенне больш за 50 %», – адзначае акадэмічная дырэктарка BEROC Кацярына Барнукова.

Але пры гэтым эканамісты заўважаюць рост экспарту ў Еўразвяз непадсанкцыйных тавараў, напрыклад, харчоў ці электратавараў. Да таго ж заўважныя спробы абысці санкцыі, перакіраваць гандлёвыя плыні на Расею і навязаць стасункі з акупаванымі тэрыторыямі. Але сітуацыю ў краіне гэта не ратуе. Падае валавы ўнутраны прадукт – падаюць і рэальныя заробкі ў краіне.

«Нягледзячы на тое, што звесткі пра выкананне бюджэту былі засакрэчаныя, сам дэфіцыт бюджэту нікуды не прапаў, адсюль два наступных трэнды. Урад спрабуе закрыць дзірку некалькімі спосабамі. Два з іх – гэта павелічэнне падаткаў і незабяспечаная эмісія», – кажа старэйшы навуковы працаўнік BEROC Леў Львоўскі.

Адным з магчымых спосабаў развязаць эканамічныя праблемы аўтары дакладу бачаць у падвышэнні падатку на дададзеную вартасць – чуткі пра яго павелічэнне з 20-ці да 23-ох адсоткаў з’явіліся ў ліпені.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»