Гадавіна страляніны ў Менску: трагедыя выклікала розгалас у грамадстве


Сёння гадавіна страляніны на вуліцы Якубоўскага ў Менску, калі работнік ІТ-кампаніі Андрэй Зельцар даў супраціў сілавікам у цывільным, што ламіліся ў ягоную кватэру. Загінулі супрацоўнік КДБ і сам гаспадар. Трагедыя выклікала розгалас у грамадстве. Мінуў год, а беларускія суды дасюль выносяць выракі тым, хто каментаваў «справу Зельцара» ў інтэрнэце. За так званае распальванне варожасці людзі атрымліваюць рэальныя тэрміны зняволення. Чаму ўлады пераследуюць нават за спачуванне Андрэю Зельцару? І якія палітычныя наступствы гэта можа мець?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Былы афіцэр-памежнік. На знак пратэсту адмовіўся ад медаля «За бездакорную службу». Летась быў затрыманы, а цяпер атрымаў два з паловаю гады калоніі. Аляксандр Велясніцкі – адзін з дзясяткаў беларусаў, якія зазналі крымінальны пераслед за каментаванне ў інтэрнэце «справы Андрэя Зельцара».

29-га верасня 2021-га года. Сілавікі ў цывільным «адпрацоўваюць» вуліцу Якубоўскага ў Менску – ломяцца ў кватэры. У адной з іх няпрошаным гасцям даюць збройны супраціў. Страляе гаспадар – Андрэй Зельцар. Страляе гаспадар – Андрэй Зельцар. Ад стрэлу гіне супрацоўнік КДБ Дзмітрый Федасюк. Зельцара забіваюць агнём у адказ.

Марыю Успенскую, жонку Зельцара, абвінавацілі ў суўдзеле ў забойстве сілавіка. Пазней абвясцілі псіхічна нездаровай і прызначылі лекаванне. Дзмітрыя Федасюка пасмяротна ўзнагародзілі. Страляніну пракаментаваў асабіста Лукашэнка. Паводле яго, Зельцар і Успенская ў той дзень самі тэлефанавалі ў міліцыю ды прасілі дапамогі.

«Стукалі – ніхто не адчыняе. Раздаецца другі званок у той самы аддзел міліцыі [з просьбай] пра дапамогу. Вы бачылі гэта ўсё – ускрываюцца дзверы. Людзі заходзяць, каб дапамагчы. Мярзотнікам дапамагчы, якія тэлефанавалі», – заявіў тады Лукашэнка.

Сілавікі – героі, Зельцар і Успенская – падступныя забойцы. Такую карціну намаляваў Лукашэнка. Але ў гісторыі шмат белых плямаў. Відэа здарэння, апублікаванае сілавікамі, відавочна змантаванае. Суд над Марыяй Успенскаю быў закрыты. То бок поўную карціну падзеяў ад грамадства схавалі. У тэлеграм-чатах беларусы актыўна падтрымлівалі Андрэя Зельцара і ягоны ўчынак. Улады адрэагавалі: за каментары затрыманыя амаль дзвесце асобаў. Заведзена не меней за 57 крымінальных справаў. Фармулёўка абвінавачання – шаблонная: «распальванне варожасці». Затрыманыя за каментары месяцамі застаюцца пад вартаю, быццам небяспечныя злачынцы. Жорсткі пераслед за спачуванне Зельцару – гэта свядомая рэакцыя ўладаў, мяркуюць эксперты.

«Гэта, па-першае, дапамагае захоўваць гэтую атмасферу страху і рэпрэсіяў. Маўляў, усе, хто супраць дзяржаўнай палітыкі, будуць знойдзеныя і пакараныя. А, па-другое, гэта падтрыманне для тых, хто працуе на рэжым, працуе ў гэтай рэпрэсіўнай сістэме, хто працягвае парушаць правы чалавека ў Беларусі», – лічыць праваабаронца Наталля Скібская.

«Імгненна адрэагаваць, каб нікому не прыйшло ў галаву паўтарыць пад уплывам нейкіх ідэяў або эмоцыяў гэты збройны супраціў. Таму пачалі хапаць нават тых, хто падтрымлівае яго дзеянні, хто выказваецца за», – кажа палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Але закручванне гаек можа прывесці да адваротнага эфекту – мяркуе псіхолаг Наталля Скібская. Бо напружанне ў грамадстве не знаходзіць выхаду.

«Вось гэтая немагчымасць сваю нязгоду і сваё незадавальненне выказваць можа прывесці да новай хвалі пратэстаў. Але гэта ўжо, напэўна, не будзе так мірна, не будзе кветак. Будзе нешта іншае», – кажа Наталля Скібская.

Сваймі брутальнымі дзеяннямі ўлады развейваюць былыя ілюзіі грамадства, адзначае палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

«Многія людзі, якія ўпершыню выйшлі на вуліцы ў жніўні-верасні 2020 года, не ўяўлялі, з кім маюць справу. За гэтыя два гады цяпер уяўляюць. І разумеюць, што такі рэжым толькі мірнымі сродкамі, магчыма, і не ўдасца перамагчы», – каментуе сітуацыю Віталь Цыганкоў.

У свядомасці беларусаў адбываюцца зрухі. Яшчэ год таму ўчынак Андрэя Зельцара выклікаў у грамадстве шок. Цяпер дапушчальнасць збройнага супраціву рэжыму цалкам сур’ёзна абмяркоўваюць на розных палітычных платформах.

Валянцін Васіленка, «Белсат»