У расейцаў забяруць «спрошчаныя» візы. А ў беларусаў?


Што будзе з візамі для беларусаў і расейцаў, стане вядома 30 ці 31 жніўня. Імаверна, скасуюць спрошчаны візавы рэжым для Расеі, але за саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў расейскім нападзе ва Украіну можа дастацца і беларусам.

Бʼе рэкорды гэтага года колькасць нелегальных мігрантаў, якія прарываюцца ў Еўразвяз праз Беларусь. Тэндэнцыю адзначылі Латвія, Літва і Польшча. Апроч праблемы штучна створанага міграцыйнага крызісу абʼяднаная Еўропа стаіць перад рашэннем, ці ўпускаць на сваю тэрыторыю грамадзянаў перадусім Расеі, але і Беларусі, умяшанай у крамлёўскую вайну.

Плот на Польскай мяжы ўсё ж стрымлівае плынь грамадзянаў Іраку, Конга, Егіпту, Самалі і іншых краінаў, якія без візаў спрабуюць трапіць у Еўразвяз. Польскія памежнікі стрымалі ў суботу 13 спробаў незаконнага пераходу мяжы. На літоўскай мяжы ў гэты дзень стрымалі рэкордную сёлета колькасць так званых нелегалаў – 125 асобаў. Хоць учора і заўчора лічбы былі падобныя.

Hавiны
Канал міграцыі актывізаваўся: тры дні запар з Беларусі ў Літву спрабуюць прарвацца больш за 120 чалавек
2022.08.28 17:22

Латвія заявіла, што плынь мігрантаў набліжаецца да той, што была летась у жніўні, на пачатку міграцыйнага крызісу. Паслязаўтра кабінет міністраў Латвіі можа скасаваць у аднабаковым парадку дамову аб прымежным супрацы з Беларуссю. За іншую – ваенную сітуацыю – свабодаю перасоўвання могуць заплаціць усе беларусы.

«Цалкам імаверна, што дамову аб прымежнай супрацы прыпыняць. Гэта абмяркоўвалася яшчэ летась калі пачаўся міграцыйны крызіс. Міграцыйны крызіс стымулюецца рэжымам Лукашэнкі пры падтрыманні Пуціна свядома, каб ствараць нагрузку на памежныя войскі і памежныя службы», – кажа старэйшы дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка.

Шэнгенскія візы выдаюцца першай краінай уезду. Паколькі авіяспалучэнне з Менскам і Масквою абмежаванае найбольш «сухапутных» візаў даводзіцца выдаваць Літве, Латвіі, Эстоніі, Польшчы, якія мяжуюць з Беларуссю і Расеяй.

За масавае падтрыманне (згодна з доследамі «Левада-Цэнтру») ваеннай палітыкі Крамля ўрад Літвы першым у ЕЗ пастанавіў прыпыніць выдачу візаў расейцам.

Бізнес адрэагаваў маланкава. Маёнтак Пакруоіс, адзін з найпапулярнейшых у Літве, тут жа спыніў прыём гасцей з Расеі. Наведнікамі могуць быць адно расейцы, якія дакажуць, што хаваюцца ад палітычнага пераследу Крамля.

«Грамадзяне Расеі павінныя ведаць, што ім не рады ў Літве. Што мы не хочам дзяліцца з імі таварамі, якія стварылі сваімі рукамі. Што нам не патрэбны ні еўра, ні рубель, які яны прыносяць, паколькі ён заплямлены крывёй», кажа менеджар маёнтку Гіедрус Клімкявічус.

Суарганізатар колішняга беларуска-літоўскага фестывалю «Бітугезэр» Гіедрус Клімкявічус не зачыняўся для беларусаў. Хоць Беларусь зʼяўляецца краінаю суагрэсарам, згодна з ААН і ў разуменні Украіны.

«У навуковай супольнасці акурат ёсць кансэнсус на конт таго, што беларусы акурат не падтрымліваюць вайну. І ёсць апытанні, якія гэта паказваюць. І значна прасцей прывесці аргумент, што беларусы супраць. Але хто будзе гэты тэзіс прасоўваць у сценах Еўрапарламенту і ездзіць сустракацца з нямецкімі і французскімі палітыкамі», – задаецца пытаннем эксперт Фінскага інстытуту міжнародных справаў Рыгор Ніжнікаў.

Аб’ектыў
Як вайна пасварыла беларусаў і ўкраінцаў
2022.08.24 23:49

Хоць дэмакратычныя сілы намагаюцца трымаць беларускае пытанне на паверхні, беларусы ўсё ж рызыкуюць застацца без турыстычных візаў – пасля вырашэння лёсу з расейскімі.

31 жніўня ў Празе кіраўнікі МЗС краінаў Еўразвязу абмяркуюць агульнаеўрапейскае візавае эмбарга для расейцаў і беларусаў. Сёння яго падтрымліваюць Літва, Эстонія, Латвія і Фінляндыя. Супраць – Францыя і Нямеччына. Як піша агенцтва «Bloomberg», у Празе яны выступяць з супольнай заявай супраць адмены шэнгенскіх візаў для расейцаў.

«Не варта недаацэньваць трансфармуючую сілу досведу жыцця ў краінах з дэмакратычнымі сістэмамі», – цытуе «Bloomberg».

Значыць – што візы грамадзянам выдаваць варта, адно – не ўсім.

«Гэта акурат тое рашэнне, па якім цяпер ёсць кансэнсус у Еўразвязе. Яно зробіць больш складаным атрыманне візаў расейцамі і якое фармальна павысіць парог атрымання гэтай візы», – лічыць Рыгор Ніжнікаў.

Крыніцы «Financial Times» цвердзяць, што краіны ЕЗ гатовыя супольна прыпыніць дзеянне пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму з Масквой і, магчыма, Менскам. Уласна днямі такую прапанову агучыў і Урад Чэхіі.

Hавiны
«Financial Times»: Еўразвяз скасуе спрошчаную выдачу візаў расейцам. Наконт Беларусі кансэнсусу няма
2022.08.28 16:46

Юлія Цяльпук, «Белсат»