У Менску развіталіся з паэтам Алесем Разанавым


Геніяльны паэт і перакладчык, філосаф і гарачы патрыёт – у менскім саборы Святых Пятра і Паўла на Нямізе развіталіся з Алесем Разанавым.

«Алесь Разанаў – адзін з найвыбітнейшых беларускіх паэтаў, прычым не толькі выбітны паэт у нашым часе, а ўва ўсім літаратурным часе беларускім, колькі яго ёсць, пачынаючы нават не ад Купалы, а раней, ад Багушэвіча», – кажа пісьменнік Уладзімір Някляеў.

Алесь Разанаў – аўтар паэтычных зборнікаў, якія лічацца этапнымі для беларускай паэзіі.

«Мы былі студэнтамі, і вышлі яго зборнікі »Каардынаты быцця« і »Шлях 360«, і мы вершы з гэтых зборнікаў ведалі, цытавалі і нават дэкламавалі хорам, настолькі гэта было энергетычнае, незвычайнае, загадкавае», – узгадвае пісьменнік Сяргей Дубавец.

Творчасць Алеся Разанава змяніла літаратуру, да таго часу пераважна арыентаваную на расейскія традыцыі ці на сацыялістычны рэалізм, адзначае Сяргей Дубавец. Разанаў жа павярнуў літаратуру на Захад і на ўвесь свет.

«Беларусь загучала так, як у Багдановіча, гэта была не савецкая беларуская літаратура, а проста беларуская літаратура, якая актыўна знаёмілася з сусветнай паэзіяй і пераймала досвед»? – кажа Сяргей Дубавец.

Смелы Алесь Разанаў быў не толькі ў паэзіі. За падпісанне ліста ў ЦК КПБ пра аднаўленне выкладання на беларускай мове яго выключылі з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту, і вышэйшую адукацыю ён атрымаў у Берасці.

«У нас не было вопраткі, абутку – але была вялікая прага вучыцца. І магу сказаць за яго і за сябе, што мы адседзелі гэты час у бібліятэцы, мы вельмі шмат чыталі», – кажа паэт Сяргей Законнікаў.

Творы Алеся Разанава перакладзеныя на больш чым два дзясяткі моваў, а сам паэт перакладаў з шэрагу еўрапейскіх моваў, сярод якіх чэшская, грузінская, літоўская.

Плён творчасці паэта і філосафа Алеся Разанава яшчэ чакае асэнсавання, перакананыя даследнікі літаратуры.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»