Сандра Кратэвіч: «Я гатовая абмяняцца. Сесці замест брата, а брата вярнуць дадому»


Сандра Кратэвіч, старэйшая сястра Багдана Крацэвіча, кіраўніка штабу палка «Азоў», на сваім мабільным тэлефоне паказвае апошняе паведамленне ад брата.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэта яны знішчаюць зброю сваю, і наагул усё, што ў іх было, каб не дасталася ворагу», – распавядае Сандра.

З таго часу мінула 65 дзён. Ад Багдана – ніводнай вестачкі.

«Яму не даюць магчымасці патэлефанаваць мне і распавесці, дзе ён і ў якім стане. Я не магу запытацца, ці ўсё з ім нармальна. Я не чую ягонага голасу, я не ведаю, як да яго ставяцца. Мне вельмі цяжка, як і ўсім маім родным», – працягвае сястра палоннага.

Увесь вольны час Сандра прысвячае таму, каб выцягнуць роднага брата і ягоных пабрацімаў з расейскага палону. Паводле яе, у палоне застаюцца каля дзевяцісот азоўцаў. Дзяўчына гатовая да радыкальных захадаў:

«Я гатовая абмяняцца. Сесці замест брата, а брата вярнуць дадому. На гэта я гатовая».

Сандра кажа, што азоўцы ў Марыупалі выканалі два самыя катэгарычныя загады: трымалі абарону гораду ў поўным акружэнні і здаліся ў палон расейскім акупантам, якія баяцца «Азова» больш за НАТО. Гэта было зроблена, каб захаваць жыцці параненым пабрацімам.

«Для палка “Азоў” заўсёды самае галоўнае – жыццё пабрацімаў. Яны, рызыкуючы сваім жыццём, выцягвалі забітых таварышаў, перацягвалі на “Азоўсталь”, каб потым целы перадаць родным для пахавання. Таксама тыя байцы, якія трапілі ў палон. Чаму полк здаўся? Бо яны пайшлі ратаваць тых, хто ўжо аказаўся на мяжы жыцця і смерці».

Учынак абаронцаў «Азоўсталі» стаўся вядомы ўсяму свету. Яны зрабіліся героямі новых фігурак «Лего». Першыя здымкі апублікаваў Эндру Бікрафт, заснавальнік кампаніі «Брадэрз Брык», аднаго з рытэйлераў «Легоо», якая сталася вядомая стварэннем «ваенных» канструктараў. Сярод фігурак герояў-азоўцаў – і брат Сандры.

«Гэта было вельмі прыемна, вельмі хачу сабе набыць гэтыя фігуркі і, калі брат вернецца, падарыць яму іх».

Прэзідэнт Украінскай асацыяцыі індустрыі цацак Паўло Аўчыннікаў расказвае, што «Лего» не выпускае канструктараў на ваенную тэму. Гэта не адпавядае канцэпцыі кампаніі. У той жа час такія кастамныя фігуркі могуць зрабіцца вельмі папулярныя сярод калекцыянераў, бо будуць выпушчаныя ў вельмі абмежаванай колькасці:

«Яны збіраюцца перадаць нейкую абмежаваную колькасць фігурак ва Украіну для правядзення аўкцыёну. І перадаць сродкі на ўзброеныя сілы. Плюс ёсць цэлы пласт людзей, якія захапляюцца «Лего», збіраюць маленькія дэталькі, а потым іх нават перапрадаюць. Раздробныя крамы і невялікія кампаніі могуць працаваць на гэтым хайпе, бо трэба рабіцца вядомым і прарывацца скрозь шум, які ідзе адусюль», – кажа Паўло Аўчыннікаў.

На думку Сандры Кратэвіч, з’яўленне такіх фігурак ідзе на карысць палонным украінцам. Любое інфармацыйнае падтрыманне цяпер важнае. Калі фігуркі абаронцаў «Азоўсталі» зʼявяцца ў свабодным продажы і ці зʼявіцца ўвогуле, ніхто сказаць не бярэцца. У цацачных крамах упэўненыя: героі-азоўцы могуць зрабіцца новым трэндам у свеце цацак.

Андрэй Яковін, «Белсат»