Мікалай Аўтуховіч не з'явіўся на чарговым паседжанні суда. Блізкія не ведаюць, што з ім


Мікалай Аўтуховіч, якому пагражае смяротнае пакаранне паводле «тэрарыстычнага» артыкулу, не з’явіўся на чарговым паседжанні суда. Мінулым разам прадпрымальнік і грамадскі дзеяч, што галадуе насуха, імаверна, ужо 18 дзён, упаў проста ў судзе. У якім стане зняволены цяпер, невядома ні адвакатцы, ні блізкім. Нягледзячы на відавочную палітычную матываванасць і брутальнасць судовага працэсу над Аўтуховічам, падсуднага ўсё яшчэ не прызналі палітычным вязнем. З якой прычыны і што вядома аб працэсе – у нашым матэрыяле.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Чарговае судовае паседжанне ў так званай справе Аўтуховіча прайшло без самога Мікалая Аўтуховіча. Родныя хвалююцца за стан здароўя зняволенага: на мінулым паседжанні суда два дні таму прадпрымальнік і грамадскі актывіст падаў ад слабасці, і з таго часу інфармацыі пра Мікалая не было. У хадайніцтве адваката вярнуць падсуднага на працэс суд адмовіў.

«Суд сказаў, што з прычыны шматразовых парушэнняў яго не вернуць у залу суда, – расказала пасля сённяшняга паседжання дачка Мікалая Аўтуховіча Кацярына. – Але мне падаецца, што гэта нейкая дамоўленасць, што хутчэй за ўсё з ім нешта здарылася, бо ў адваката ёсць нейкая неафіцыйная інфармацыя, што ўчора там быў рух хуткай».

Да каго дакладна ў турме прыязджала хуткая – невядома. Але невядомы і стан здароўя Мікалая, які апошнім часам трымаў сухое галадаванне. Калі яго бачылі на судовым паседжанні два дні таму, гэта быў ужо 16-ы дзень галадавання. Проста на судзе Мікалай, паводле журналістаў, папрасіў выклікаць яму хуткую. Суд зноў жа адмовіў.

«Я толькі ведаю: апошняе, што было, на гэтым тыдні і мінулым яму балеў жывот, былі рэзі ў жываце, натуральна, абязводжванне. Адзінае, што мне адвакат перадала: каб неяк аблегчыць сабе існаванне, ён намочваў у вадзе майку і надзяваў мокрую майку, каб проста неяк аблегчыць свой стан, і больш нічога», – працягвае Кацярына.

Мікалая Аўтуховіча судзяць у складзе групы з 12 асобаў, якую ён нібыта курыраваў дзеля звяржэння ўлады і здзяйснення актаў тэрарызму, пад якімі разумеюцца падпальванне аўтамабіляў і дамоў сілавікоў. Паводле выстаўленага абвінавачвання Мікалаю Аўтуховічу можа пагражаць смяротнае пакаранне. Але нават нягледзячы на відавочную палітычную матываванасць працэсу Мікалай дагэтуль не прызнаны палітвязнем: міжнародныя праваабарончыя стандарты не апраўдваюць гвалту.

«Мне зразумела, чаму на гэтым этапе Мікола Аўтуховіч не прызнаны палітвязнем – бо менавіта існуюць указанні на гвалтоўныя дзеянні ці прынамсі яны планаваліся. Разам з тым трэба прызнаць, што рэжым даволі добра выкарыстоўвае такія прынцыпы праваабаронцаў», – тлумачыць праваабаронца Васіль Завадскі.

Праваабаронцы чакаюць, што прызнанне Мікалая Аўтуховіча палітзняволеным адбудзецца па выраку суда. Але іншыя кажуць, што такі статус мог бы выратаваць яму жыццё проста цяпер, у час сухога галадавання.

Галоўная рэдактарка charter97.org Наталля Радзіна лічыць, што сёння неабходна ўсімі магчымымі спосабамі прыцягваць увагу да лёсу зняволенага: «Мікалай Аўтуховіч ніякі не тэрарыст, гэта чалавек, які шчыра хацеў змяненняў у Беларусі, які заўсёды пратэставаў супраць гэтай сістэмы, які правёў шмат гадоў за кратамі ў гады праўлення Лукашэнкі».

Каб атрымаць інфармацыю пра стан здароўя Мікалая Аўтуховіча, ягоная адвакатка падала заяву ў пракуратуру.