У Еўразвязе назвалі ўмовы скасавання санкцыяў


Еўразвяз дапускае скасаванне санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі праз паляпшэння палітычнай сітуацыі ў Беларусі.

Пра магчымае скасаванне санкцыяў заявіў у інтэрв’ю парталу «Зеркало.ІО» сагнаны з Беларусі амбасадар Еўразвязу Дырк Шубэль. Вядома, скасаванне магчымае толькі пры пэўных умовах.

«Калі мы ўбачым перамены з беларускага боку, сурʼёзныя крокі насустрач свайму народу (вызваленне палітычных вязняў, спыненне парушэння правоў чалавека, наладжванне дыялогу з дэмакратычнай апазіцыяй і грамадзянскаю супольнасцю), то мы будзем гатовыя паступова касаваць дзейныя абмежаванні», – распавёў Дырк Шубэль.

За ўзмацненне санкцыяў выступае намеснік міністра замежных справаў Польшчы Марцін Пшыдач, намеснік міністра замежных справаў Польшчы:

«Я лічу, што толькі шляхам палітычнага ціску і ўвядзення палітыкі санкцыяў мы зможам паспрыяць нейкаму працверажэнню ў Менску. Безумоўна, мы працягваем весці такую палітыку. Аднак насамрэч ключавое ў гэтым выпадку – поўнае працверажэнне Менску і аналіз, ці сапраўды ім выгадна бяспраўна трымаць людзей. Бо такім чынам свае пазіцыі губляе не толькі беларускі істэблішмент, але і бізнес, які падтрымліваецца Аляксандрам Лукашэнкам. Спадары ў Менску, цяпер самы час прааналізаваць сітуацыю»

Для Беларусі – выкананне гэтых простых умоваў азначае аднаўленне гандлю з Еўропай і, як вынік, запуск важных сектараў эканомікі.

Пры гэтым змена вярхушкі ўлады для Еўразвязу не галоўнае пытанне. «Еўразвяз ніколі не займае палітычных пазіцыяў адносна ўнутранай сітуацыі ў краіне», – тлумачыць аналітык Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў. Але, гледзячы на тое, што адбываецца ў краіне цяпер, Еўропа заяўляе пра гатоўнасць прыняць новыя санкцыі.

«Санкцыі ў дадзеным выпадку – гэта рэакцыя Еўрапейскага Звязу, звязаная зноў такі не са зменай рэжыму, а з сітуацыяй і перш за ўсё з правамі чалавека ў Беларусі, наяўнасцю палітычных вязняў. То бок сам, я думаю, Еўрапейскі Звяз не разглядае стратэгію спецыяльнага ціску на рэжым з мэтай прымусіць кагосьці сысці, кагосьці прыйсці да ўлады ў Беларусі», – кажа Андрэй Ягораў.

Апошні, чацвёрты санкцыйны пакет, прыняты месяц таму, называюць самым моцным. Ён закрануў буйныя прадпрыемствы, якія забяспечвалі не малыя прыбыткі ў бюджэт краіны. І хоць афіцыйны Менск адной рукой адмахваецца: маўляў, санкцыі – для моцнай і квітнеючай – нішто, другой працягвае змушаць бюджэтнікаў запісваць наступныя звароты.

Акрамя відэазваротаў паднявольных бюджэтнікаў, афіцыйны Менск рэагуе на еўрапейскія санкцыі і міграцыйнай вайною супраць Літвы, і зачысткаю грамадзянскай супольнасці. А таксама запэўнівае, што найперш ад эканамічнага бізуна Еўразвязу цярпяць простыя грамадзяне. А вось у камандзе Святланы Ціханоўскай запэўніваюць у адваротным: заходнія краіны хочуць і гатовыя дапамагчы беларусам! У прыватнасці, гаворка пра распрацаваны план дапамогі нашай краіне пасля дэмакратычных зменаў, а таксама пра запланаванае фінансавае падтрыманне, амаль у 10 разоў большае за апошні пуцінскі крэдыт для Лукашэнкі.

«Які прадугледжвае 3 мільярды еўраў прамой падтрымкі і дзесьці яшчэ 7 мільярдаў ускоснай падтрымкі, каб найперш развязаць экананамічныя пытанні, каб не было ніякага спаду, і стварыць умовы для развіцця эканомікі. Таму пра будучыню мы думаем і, мяркую, барацьба новага са старым заўсёды прыводзіла да перамогі новага», – каментуе палітычны дарадца Святланы Ціханоўскі Аляксандр Дабравольскі.

Другі дакумент – акт аб рэабілітацыі. Ён прадугледжвае кампенсацыю штрафаў, звальненне з працы, турэмныя содні і тэрміны. І хоць, як лічыць Аляксандр Дабравольскі, развязаць сітуацыю могуць толькі самі беларусы, пэўным падтрыманнем будучая краіна ўжо забяспечаная.

Надзея Бельская, «Белсат»