У Беларусі працягваюцца «чысткі» ў міліцыі і адукацыі


Прэзідэнцкія выбары мінулі, але апрацоўванне подпісаў з першага этапу – вылучэння кандыдатаў – працягваецца. Сярод сілавікоў і іхных родных рэжым шукае асобаў, якія падпісаліся за вылучэнне Віктара Бабарыкі. Калі знаходзяць – звальняюць са службы супрацоўніка МУС ці спецпадраздзялення. Стэрыльнасць наводзяць у дзяржорганах і галіне адукацыі. Якія мэты кампаніі і яе наступствы?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У 2020-ым годзе падпісаўся за вылучэнне Бабарыкі кандыдатам на прэзідэнта… – у выніку страціў пагоны падпалкоўніка. Звальненне спецназаўца-ратавальніка з палітычных прычынаў «Белсату» ананімна пракаментавала ягоная жонка:

«Кіраўніцтва за сваю д**у баіцца, а падначаленыя былі ў шоку. Нехта хацеў пісаць рапарт на звальненне. Наўрад ці нехта цяпер будзе нешта казаць. Вельмі многіх цягалі па допытах і запалохвалі. І пра гэта мы даведаліся не так даўно. Давалі слухаць запісы размоваў і пераварочвалі гэтыя размовы, як ім выгадна. Папросту патрэбны тэкст вырывалі з кантэксту».

Палітычныя чысткі ў Следчым камітэце, у міліцыі, у КДБ і спецпадраздзяленнях ужо праходзілі – неўзабаве пасля прэзідэнцкіх выбараў. Цяпер допыты і звальненні аднавіліся. Медыям і праваабаронцам вядома, што з МУС звальняюць працаўнікоў, сваякі якіх ставілі подпіс за важнасць вылучэння ў кандыдаты крытыкам рэжыму Лукашэнкі.

Алег Гулак, старшыня Беларускага Хельсінкскага Камітэту, кажа:

«Паводле нейкіх там публікацыяў у сацсетках можна рабіць выснову пра падтрымку альтэрнатыўных кандыдатаў… То вось гэта мы бачым, што пераследуюцца і такіх людзей зараз, відавочна, паўторна «чысцяць». Такія звесткі да нас таксама прыходзілі з розных рэгіёнаў Беларусі».

Праз месяц пасля выбараў і пачатку пратэстаў самаабвешчаны прэзідэнт публічна загадаў прыбраць з дзяржаўнай службы ўсіх нелаяльных. Але акрамя агульнай устаноўкі існуе лакальная планавая сістэма, падобная да сталінскай – кажа юрыст Міхаіл Кірылюк:

«Гэта простая логіка працы рэпрэсіўнай машыны. Заўсёды патрэбныя новыя ахвяры. Таму што людзі, якія ў гэтым удзельнічаюць заўсёды павінны дэманстраваць сваю карыснасць. І лепш гэта зрабіць за кошт кагосьці блізкага, пакуль ён не зрабіў тое ж самае за кошт цябе».

Правераць на лаяльнасць таксама Пракуратуру і Камітэт дзяржаўнага кантролю, дзяржаўных службоўцаў у сталіцы ды рэгіёнах. Акрамя таго, звальненні і затрыманні працягваюцца ў адукацыі. Цяпер сярод гісторыкаў і археолагаў.

Усё гэта душыць грамадскую думку і канстытуцыйныя правы беларусаў – лічыць Міхаіл Кірылюк. Але падкрэслівае:

«Страціць працу – гэта непрыемна, але не смяротна. Гэта не сесці ў турму на 10 год. І не тое, як некаторыя мае кліенты распавядаюць, што ў іх праз 10 костак у назе прайшла граната».

Больш не спрабаваць змяніць уладу, на думку юрыста, беларусаў схіляюць паказальнымі палітычнымі прысудамі і катаваннямі палітвязняў у калоніях.

Да наступных выбараў у людзей можа не застацца жадання хоць неяк браць удзел у выбарчым працэсе.

«Калі няма ніякай магчымасці нейкіх хаця б больш-менш альтэрнатыўных кандыдатаў там пабачыць, то гэта выбарчым працэсам называць нельга», – лічыць Алег Гулак.

Праваабаронца кажа, што адсутнасць свабоды выбару ўжо прадэманстраваў гэтак званы рэферэндум, які прайшоў у Беларусі напярэдадні.

Юлія Цяльпук, «Белсат»