Пятро Алэшчук: «Расея будзе прызначаная пагрозай для NATO»


У Вільні можна будзе часцей пабачыць марскіх коцікаў – маецца на ўвазе амерыканскі спецназ. Злучаныя Штаты скіруюць дадатковыя войскі ў дзяржавы Балтыі, гэтаксама, як і іншыя дзяржавы NATO у межах агульнага разгортвання сілаў. Пра гэта паведаміў дарадца амерыканскага прэзідэнта Джэйк Саліван падчас саміту Паўночнаатлантычнага альянсу, які ў аўторак пачаўся ў Мадрыдзе.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Над усёй Іспаніяй – бязвоблачнае неба і ўзмоцненая праца паветранай абароны. У аўторак саміт NATO у Мадрыдзе пачаўся з прылётаў кіраўнікоў дзяржаваў і перамоваў сам-насам, у двухбаковым фармаце. Упершыню ў гісторыі ў якасці гасцей тут прысутнічаюць Аўстралія, Новая Зеландыя, Японія і Паўднёвая Карэя – каб разабрацца з пытаннем ядравых выпрабаванняў КНДР. Але Кітай не разглядаюць, як пагрозу, падкрэслівае генсек Альянсу.

«Мы расчараваныя тым, што Кітай не асуджае расейскага ўварвання ва Украіну, што Кітай распаўсюджвае дэзынфармацыю пра NATO і Захад, і тым, што Расея і Кітай зблізіліся як ніколі», – патлумачыў Енс Стольтэнбэрг.

Запланавана, што ў Мадрыдзе чальцы NATO запусцяць новую Стратэгічную канцэпцыю – найважнейшы дакумент блоку пасля ўстаноўчай дамовы.

«Расея будзе прызначаная пагрозай для NATO. Гэта будзе зафіксавана ў дактрыне. Будзе пашырэнне ваеннай прысутнасці ў Еўропе», – папярэджвае ўкраінскі палітолаг Пятро Алэшчук.

І будзе павелічэнне і падтрыманне на адпаведным узроўні дапамогі Украіне, у тым ліку найноўшымі ўзбраеннямі на мільярды еўраў. Украінцы проста не змогуць ваяваць без дапамогі саюзнікаў.

«Падобна, ва Украіне будзе доўгатэрміновы канфлікт. Украіна супраціўляецца. Але ніхто не хоча хуткай вайны, дзе Расея выйграе. І Захад мусіць усвядоміць, што падтрымка Украіны мусіць працягвацца – эканамічная, вайсковая, гуманітарная. І гэта надоўга», – патлумачыў «Белсату» Джэймі Шэй, які раней узначальваў аддзел інфармацыі NATO.

У плане перамоваў – пытанне пашырэння блоку. Пасля пачатку адкрытай фазы расейскай вайны ва Украіне раней нейтральныя Швецыя і Фінляндыя папрасіліся ў абарончы саюз. Пакуль што супраць выступае толькі Турцыя, і патрабуе палітычных саступак.

А ў Крамлі пытанне пашырэння назвалі доказамі, што NATO – агрэсіўны блок.

«Нашым Міністэрствам абароны распрацоўваюцца планы адпаведнага ўзмацнення заходніх рубяжоў на фоне тых новых небяспекаў, якія генеруюцца гэтымі дзеяннямі Альянсу», – заявіў перад самітам пуцінскі сакратар Дзмітрый Пяскоў.

Якраз перад самітам былы расейскі прэзідэнт Дзмітрый Мядзведзеў, які цяпер уваходзіць у Савет бяспекі Расеі, агучыў пагрозу ядравай, Трэцяй сусветнай вайны, калі хтосьці з блоку NATO замахнецца на Крым.

«Расейцы любяць ствараць пагрозы. Яны любяць пераследаваць – цкаваць людзей, любяць шантаж. Гэта частка іхнай метадычкі. Мы мусім рэагаваць вельмі спакойна і не даваць сябе шантажаваць ці цкаваць», – усміхаецца Джэймі Шэй.

Перадусім гаворка пра Сувалкскі калідор – мясцовасць у Літве і Польшчы між Беларуссю і Калінінградскай вобласцю. Масква пагражае ўжыць армію, каб бесперашкодна вазіць туды свае грузы. Але гэта малаверагодна, кажа Пятро Алэшчук.

«Улічваючы, што ўсё боездольнае, што ў іх ёсць на сёння задзейнічанае ў вайне супраць Украіны, вылучыць нейкія дадатковыя рэсурсы, прычым не проста рэсурсы перамогі, якія маглі б зламіць невялікую дзяржаву NATO, няпростая задача», – падкрэслівае ўкраінскі эксперт.

Самае важнае для Беларусі – у дзяржавах Балтыі і ў Польшчы блок NATO разгорне баявыя часткі – у некалькі дзясяткаў тысячаў вайскоўцаў і на доўгатэрміновай аснове.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»