«Пачуццё такое, што ты ляціш. Я неяк так наперад галавой кудысьці... і па целе б'е нешта»


Больш за 20 загінулых і 60 параненых, прынамсі 40 зніклых без вестак. Пошукава-ратавальная аперацыя ў Краменчугу працягваецца. Свет шакаваны чарговаю праяваю нялюдскай жорсткасці расейскай арміі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Людміла Міхайлец жыве ў Краменчугу, працуе ў трамвайным дэпо. 27 чэрвеня яна з мужам пайшла ў гандлёвы цэнтр «Амстор». Яны былі ў аддзеле электратавараў, калі пачаўся абстрэл.

«Пачуццё такое, што ты ляціш, – узгадвае зараз Людміла. – Я неяк так наперад галавой кудысьці… і па целе б’е нешта, бʼе – аскепкі, ці што. Падае ўсё, выбухае нешта. Потым прызямляешся – і, я не ведаю: можа, я страчвала прытомнасць – не зразумела нічога. Я адкрываю вочы – і дзве нейкія пліты. Я крычу “Дапамажыце!” Аднекуль цякла вада, яна нас у пачуцці прывяла».

Пасля абстрэлу пачаўся моцны пажар. У гандлёвым цэнтры ў той момант было больш за тысячу чалавек. Муж Людмілы Мікола таксама сурʼёзна пацярпеў. Тое, што ён убачыў у той дзень, называе адным словам: жах. «Людзей абгарэлых, абадраных, у крыві цалкам бачыў. Дзяўчынка нейкая падала, мы яе падымалі, выносілі, цягнулі гэтую дзяўчынку. Яна ўвесь час падала, непрытомнела».

Мікола Міхайлец адзначыў надзвычайную ўзаемадапамогу гараджанаў. Але агонь усё разгараўся. Сёння актыўна ідуць пошукава-ратавальныя работы.

Галоўны рэдактар выдання «Кременчуцька газета» Алег Булашаў распавёў, што завалы разбіраюцца. Міністр унутраных справаў Украіны Дзяніс Манастырскі, які прыбыў у Крамянчуг яшчэ ўчора, заявіў, што разабралі толькі 60% агульнай плошчы гандлёвага цэнтру, у які прыляцела ракета і які гарэў. На разбор такіх завалаў звычайна ідзе каля тыдня. Але ў гэтым выпадку міністр Дзяніс Манастырскі распарадзіўся скончыць працы за содні, двое.

Побач з «Амсторам» ёсць завод дарожных машынаў і чыгуначны вакзал, непадалёк – аўтавакзал, гандлёва-забаўляльны комплекс, перынатальны цэнтр, стадыён, Цэнтральны рынак. Гэта значыць, нічога, што можна было б назваць вайсковым абʼектам. Жыхары гораду не ў сілах зразумець, за што іх знішчаюць фізічна.

Міністр унутраных справаў патлумачыў, што атака была здзейсненая з бамбавіка ТУ-22 ракетаю Х22С, 900 кілаграмаў выбуховага рэчыва, тып ракеты – «паветра – зямля». Абстрэл быў зроблены з тэрыторыі Расейскай Федэрацыі, канкрэтна – з Курскай вобласці.

Праз содні Міністэрства абароны Расеі прызнала, што ракетны абстрэл па Краменчугу з іх тэрыторыі сапраўды быў. Але пры гэтым расейскі міністр замежных справаў Сяргей Лаўроў сцвярджае, што ўдар нанеслі нібыта «высокадакладнай зброяй і па ангарах з узбраеннем і боепрыпасамі, атрыманымі з ЗША і краінаў Еўропы ў раёне баявых дзеянняў». Канец цытаты. Без каментароў.

Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі назваў дзеянні расейскай арміі самым дзёрзкім тэрактам у гісторыі Еўропы. Паводле ягоных словаў, «ударыць ракетамі па такім абʼекце могуць толькі адмарожаныя тэрарысты, якім не месца на зямлі. Гэта не памылковае траплянне, гэта разлічаны расейскі ўдар менавіта ў той гандлёвы цэнтр».

ААН, на даўнюю сваю традыцыю, выказала «сурʼёзную занепакоенасць» узмацненнем баявых дзеянняў ва Украіне і прыкрым нападам на цывільны абʼект. Прадстаўнік арганізацыі Стэфан Дзюжарык абмежаваўся агульнымі словамі: «Любая цывільная інфраструктура, уключаючы, відавочна, гандлёвыя цэнтры і цывільнае насельніцтва, ніколі не павінна зазнаваць напады».

На 28-га чэрвеня прызначылі экстранае пасяджэнне Рады Бяспекі ААН у сувязі з ракетным ударам Расеі па Краменчугу. А пакуль на ўкраінскую зямлю ляцяць снарады, рвуцца бомбы – і канца гэтай чорнай хмары не відаць.

Марына Яновіч, «Белсат»