Бабарыка ў судзе: Мне не сорамна


«Я не магу прызнацца ў злачынстве, якога я НЕ здзяйсняў», – заявіў у сваім апошнім слове на судзе Віктар Бабарыка. Дзяржаўны абвінаваўца патрабуе для галоўнага канкурэнта Лукашэнкі 15 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з пазбаўленнем магчымасці займаць кіроўныя пасады, а таксама штраф – 145 тысяч рублёў, а яшчэ – канфіскацыю маёмасці.

«Віктар Дзмітрыевіч, вы найлепшы!»

Гэтак у Маскоўскім судзе Менску віталі апошняе слова Віктара Бабарыкі.

Экс-прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта падтрымлівалі знакамі «віктары» – перамога – ды сэрцайкамі. І зычылі трымацца.На працэсе традыцыйна змаглі прысутнічаць не ўсе ахвотныя. Пусцілі на паседжанне родзічаў і сваякоў, адвакатаў, дыпламатаў і некаторых журналістаў.

Віктар Бабарыка застаўся нязломным і заявіў, што не можа прызнацца ў злачынстве, якога не здзяйсняў.

«Мне не сорамна перад сваімі сябрамі і блізкімі. Чаму? Бо ў межах нашых стасункаў не было дапушчана не тое што супрацьзаконнага дзеяння, а не было дапушчана нават ніякага намёку на магчымасць здзяйснення супрацьзаконных дзеянняў. Мне не сорамна перад работнікамі банку за тое, што разам мы стварылі адзін з найлепшых банкаў гэтай краіны», – сказаў Бабарыка.

Віктара Бабарыку абвінавачваюць у легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, а таксама ў атрыманні хабару. Пракурор Сяргей Гіргель запатрабаваў для палітыка і экс-банкіра 15 гадоў пазбаўлення волі – гэта максімальны магчымы тэрмін.

«Вынік можа быць толькі добры. Але для таго, каб ён наступіў, першы этап быў – супрацьпаставіць ілжывай версіі ў дачыненні прыстойнага і годнага чалавека аб’ектыўны аналіз, які абвяргае ўсе гэтыя абвінавачанні. Я думаю, мы з гэтым справіліся», – кажа адвакат Віктара Бабарыкі Дзмітрый Лаеўскі.

Ці сочаць за лёсам Віктара Бабарыкі беларусы? Мы спыталіся ў жыхароў Менску.«Так, сачу, бо галасаваў, за яго, хацеў галасаваць. Таму сяджу чакаю, якая сітуацыя будзе, чым скончыцца».

«Вельмі перажываю за гэтую справу, падтрымання яму, моцы, упэўненасці. Мы прарвемся!»

«Я не лезу ў палітыку. Мне да спадобы ўсё. Я не магу нічога сказаць супраць Бабарыкі і за. Я нейтральна трымаюся».

«Цікава, што будзе з чалавекам, які нічога не рабіў».

«Сказаць можна толькі адно: лічу невінаватым».

Больш за год Віктар Бабарыка правёў у СІЗА. Справу «Белгазпрамбанку» распачалі пасля таго, як Бабарыка абвесціў пра намер браць удзел у прэзідэнцкіх выбарах і сышоў з пасады старшыні праўлення. У банку ўчынілі ператрусы з выманнем сродкаў, а таксама карцінаў з ягонай карпарацыйнай калекцыі.

Затрымалі Віктара Бабарыку 18 чэрвеня. Кандыдатам на прэзідэнцтва Цэнтрвыбаркам яго не зарэгістраваў, нягледзячы на прэзумпцыю невінаватасці і больш як 400 тысяч подпісаў.

І ўсё ж штаб Бабарыкі працягвае працу. Цяпер – над праектам партыі «Разам».

«Яшчэ вясной мы сабралі дастаткова шмат прыхільнікаў, цяпер праводзім з імі працу Гэта палітычная структура, і мы робім на яе вялікія стаўкі. Каб развіваць дэмакратычны напрамак у краіне», – гаворыць Глеб Германчук, кіраўнік прэс-службы Віктара Бабарыкі.

Эдуард Бабарыка – сын Віктара, які быў кіраўніком перадвыбарчага штабу свайго бацькі, – застаецца ў следчым ізалятары ўжо больш за год. Ён не праходзіць у справе «Белгазпрамбанку», але ягонае імя неаднаразова гучала падчас працэсу.

Што ж да фігурантаў справы, Віктар Бабарыка – адзіны, хто не прызнае віны. Вырак палітвязню агучаць 6 ліпеня.

Анастасія Русецкая, «Белсат»