Дзень памежніка ў Беларусі


Узброеныя сілы Беларусі працягнулі свае вучэнні на мяжы з Украінай і заходнімі краінамі прынамсі да 28-га траўня, паведамляе тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн». Паводле яго звестак, сёння ўздоўж мяжы з Літвою пад Паставамі дзве гадзіны лётаў беларускі вайсковы верталёт Мі-24.

Днямі на беларускую тэрыторыю ў напрамку ўкраінскае мяжы былі перакінутыя расейскія ракетныя комплексы «Іскандэр». Пры гэтым працягваецца рыхтаванне да маштабных вучэнняў, што маюць адбыцца ў чэрвені. Такая дэманстрацыйная «гульня цягліцамі».

«Назапашаная вялізная колькасць асабовага складу Узброеных сілаў Беларусі і ажыццяўляюцца пастаянныя правакацыі ў дачыненні як нашых пагранічнікаў, што ахоўваюць межы, так і мясцовага насельніцтва. Вось гэта пакуль самая вялікая праблема», – патлумачыў генерал-маёр запасу СБУ Віктар Ягун.

Тым часам хаўруснікі рэжыму аб’явілі, што менавіта з Украіны на Беларусь накіраваўся паток узброеных дыверсантаў. Яны нібыта бадзяюцца ўздоўж мяжы і псуюць нейкія аб’екты, а некаторыя – нават заходзяць на беларускую тэрыторыю. Праўда, у праўладных медыях затрымання хаця б аднаго такога парушальніка мяжы, супраць звычаю, прадэманстравана не было.

Украінскі бок такія заявы называе «лухтою». Раніца 24-га лютага 2022 года выразна паказала, хто і як насамрэч ахоўвае мяжу і выконвае дамоўленасці ў памежнай супрацы.

Як адзначыў Віктар Ягун, падпісаныя дамовы пра добрасуседства, пра ўзаемнае шанаванне дзяржаўных межаў абедзвюх дзяржаваў, пра такое паняцце, як памежная супраца, пра інфармаванне аб розных інцыдэнтах – гэта ўсё было проста растаптанае.

Днямі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў стварыць аператыўнае вайсковае камандаванне на паўднёвым напрамку – то бок на мяжы з Украінай. Наогул мяжа для яго – месца сакральнае яшчэ з часоў армейскага юнацтва. Вядома, што і сам Лукашэнка, і два ягоныя старэйшыя сыны служылі менавіта ў памежных войсках. Што, зрэшты, не дадало межам Беларусі трываласці.

Летась адбыўся небывалы мігранцкі крызіс на межах Беларусі з краінамі Еўразвязу. Паводле ацэнкі польскіх дзяржаўных органаў, на тэрыторыі нашай краіны да сярэдзіны лістапада перабывалі да пятнаццаці тысяч нелегалаў, якія імкнуліся ў Еўропу без візаў. Тады некаторыя беларускія памежнікі на ўмовах ананімнасці сцвярджалі, што атрымалі загад усімі сіламі «штурхаць» гэтую людскую масу за межы Беларусі.

Нічога дзіўнага ў тым, што нашыя еўрапейскія суседзі пасля гэтага пачалі ўмацоўваць свае межы. Польшча плот на беларускай мяжы ўжо амаль збудавала, Літва – будуе. А Аляксандр Лукашэнка ў той самы час выдаў распараджэнне, што дазваляе залучаць для аховы дзяржаўнай мяжы ўнутраныя войскі. Мусіць, самі памежнікі ўжо не спраўляюцца?

«Беларускія памежнікі – яны, на жаль, за апошнія гады, калі казаць адкрытым тэкстам, дэградавалі разам з любымі іншымі сілавымі структурамі, – мяркуе палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў. – Гэтая карозія не пакінула нікога некранутым. І памежнікі, як любая іншая структура ў пагонах, стала выканаўцам самых незаконных загадаў сённяшняга дыктатара».

Зрэшты, трэба, мусіць, узгадаць усё ж такі, што сёння ў Беларусі адзначаюць Дзень памежніка. Сам галоўнакамандуючы павіншаваў вартавых межаў з гэтым святам. Хаця атрымалася трохі двухсэнсоўна:

«Сёння для нас асаблівы сэнс і вагу набываюць такія паняткі, як стойкасць, мужнасць, вернасць прысязе і народу… У наш няпросты час, як і восем дзесяцігоддзяў таму, у рубяжоў Айчыны складваецца напружаная ваенна-палітычная абстаноўка. Перакананы, што сваю незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць мы абаронім, калі спатрэбіцца…»

Украінскія, польскія, літоўскія ўлады з вялікай трывогай пазіраюць у бок нашае краіны. Не ад таго, што асцерагаюцца ўварвання беларускай арміі. А таму, што фраза «на замку» – гэта не пра межы Беларусі.

Марына Яновіч, «Белсат»