Усебеларускі народны сход будзе выбіраць прэзідэнта?


Чарговая прапанова ад Канстытуцыйнай камісіі – надаць Усебеларускаму народнаму сходу статус найвышэйшага прадстаўнічага органу народаўладдзя. Новаму канстытуцыйнаму органу дадуць і права разглядаць пытанне легітымнасці выбараў прэзідэнта.

«Такім чынам, канчатковая палітычная і канстытуцыйна-прававая ацэнка выбараў будзе выказаная асаблівым субʼектам палітычна-прававых адносінаў – найвышэйшым прадстаўнічым органам народаўладдзя – Усебеларускім народным сходам», – тлумачыць старшыня Канстытуцыйнай камісіі Пётр Міклашэвіч.

А насамрэч такім чынам улады змогуць увогуле адмовіцца ад выбараў і праводзіць гэтую працэдуру праз УНС. Палітолаг Павел Усаў прагназуе, што Сход сфармуе палітбюро, імаверна – Савет бяспекі, і абярэ старшыню – Лукашэнку. Пасаду прэзідэнта могуць скасаваць, парламент страціць значэнне.

«Такія сістэмы развальваюцца адразу ж, калі сыходзіць альбо памірае дыктатар. Яны нежыццяздольныя ні ў якім выглядзе», – упэўнены палітолаг Павел Усаў.

Усебеларускі народны сход можа атрымаць і магчымасць абвесціць імпічмент прэзідэнту. Але якую рэальную мэту мае гэтая захада і ў цэлым магчымыя новыя паўнамоцтвы Сходу?

«Працэс канстытуцыйных зменаў ідзе. Ён павінен нейкім чынам датычыць умоўнай дэмакратызацыі, змены сітуацыі ці пераразмеркавання паўнамоцтваў прэзідэнта, стварэння новых прадстаўнічых функцыяў, каб паказаць абсалютную дэмакратызацыю. Хаця гэта, наадварот, паказвае, што ніякіх дэмакратычных зменаў няма», – лічыць Павел Усаў.

Бо дэлегатаў Сходу фактычна прызначае Лукашэнка. У складзе УНС дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, сябры Савету Рэспублікі, прадстаўнікі мясцовых органаў самакіравання, палітычных партыяў і грамадскіх абʼяднанняў. У выпадку ўхвалення пастановы яны і будуць прэзентаваць беларусаў.

«Выносіць на рэферэндум такія рэчы магчыма, але навошта гэта рабіць? Таму што мы тады будзем мець незразумелую сістэму ўладаў. Будзем мець парламент, будзем мець кабінет міністраў, будзем мець яшчэ штосьці», – абураецца юрыст і былы суддзя Канстытуцыйнага суда Валерый Фадзееў.

На рэферэндум вынесуць і пытанне стварэння адзінага дня галасавання на выбарах у мясцовыя Саветы і парламент. То бок мясцовыя выбары хочуць перанесці на канец 2023 года, замест таго каб правесці іх на пачатку 2022-га. У палаце прадстаўнікоў ужо рыхтуюць змены.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»