Соф’і Сапезе адмовілі ў скарзе на затрыманне. Як судзілі 28 траўня


Суд адмовіўся задаволіць скаргу на затрыманне сяброўкі Рамана Пратасевіча, грамадзянкі Расеі Соф’і Сапегі. Ад 2 да 9 гадоў пазбаўлення волі запатрабаваў пракурор у справе пра падпал «Табакеркі» у Бабруйску. Трыма гадамі гэтак званай хіміі пакаралі жанчыну за тое, што ўкусіла міліцыянтаў. Падрабязней пра гэтыя ды іншыя судовыя справы – у матэрыяле.

Суд Партызанскага раёну Менску адхіліў скаргу на затрыманне грамадзянкі Расеі Соф’і Сапегі. Абарона дзяўчыны абскардзіла адмову. Паседжанне адбывалася ў закрытым рэжыме. Цяпер Соф’ю ўтрымліваюць у СІЗА КДБ у статусе падазраванай. Да яе ўпершыню пусцілі адваката.

«У матэрыялах справы няма звестак пра затрыманне, гэта і пацвердзілася ў судзе. Хто, калі, пры якіх абставінах яе затрымліваў, паводле якой крымінальнай справы – на сёння застаецца загадкай. Абаронаю была пададзеная больш шырокая скарга і было наўпрост адзначана, што ў матэрыялах гэтай справы адсутнічае затрыманне – і мы абскарджвалі самое затрыманне», – кажа адвакат Соф’і Сапегі Аляксандр Філановіч.

Hавiны
Да палітзняволенай Соф’і Сапегі ўпершыню за пяць дзён дапусцілі адваката
2021.05.28 18:22

«Учыніла ўкусы зубамі» за пальцы двух працаўнікоў, якія прыехалі рабіць ператрус, аднаму пракусіла пальчатку, другога – ударыла нагою. За гэта суддзя Наталля Траццякова пакарала жыхарку Віцебскага раёну Таццяну Туравец трыма гадамі «хіміі» – абмежаваннем волі з адбываннем у папраўчай установе адкрытага тыпу. Таццяна сваёй віны не прызнала, на абвяшчэнне прысуду не прыйшла. Дзе яна – пакуль невядома.

«Мне ўся гэта сітуацыя здаецца абсурднаю, увогуле ўвесь гэты працэс, не павінна так быць», – перажывае дачка асуджанай Таццяны Туравец Соф‘я.

«Калі гэта эмоцыі, я магу зразумець эмоцыі. Яна не вінаватая, гэта самаабарона, нават калі так і было! Ведаючы нашых, выбачаюся, доблесных работнікаў праваахоўных органаў, што яны могуць шмат чаго прыдумаць – гэта жахліва!», – абураецца Руслан, які прысутнічаў на судзе.

Суд Маскоўскага раёну сталіцы. Працяг крымінальнай справы пра «лазерныя ўказкі». На лаве падсудных – валанцёры штабу Віктара Бабарыкі: Ігар Ярмолаў, Уладзіслаў Карэцкі, Мікалай Сасеў і Дзмітрый Канапелька. Іх абвінавачваюць у рыхтаванні да масавых беспарадкаў і навучанні ці іншым рыхтаванні асобаў да ўдзелу ў масавых беспарадках. У апошнім слове абвінавачаныя прасілі ў суддзі Святланы Бандарэнкі справядлівага прысуду, а таксама звярнуць увагу, што іхнае віны не даказалі.

«Нам у гэтай краіне далей жыць: і суддзям, і абвінавачваным. І кожны для сябе цяпер вызначае, як гэта будзе праходзіць. Я спадзяюся, што суддзя будзе абʼектыўнаю і разгледзіць толькі ў межах закону ўсё, што было выстаўлена», – адзначае бацька абвінавачванага Ігара Ярмолава Аляксей.

У Гомельскім абласным судзе суддзя Руслан Царук пачаў разглядаць крымінальную справу ў звязку абвінавачваннем Дзмітрыя Канеўскага за каментар у тэлеграм-канале. Праз гэты каментар Дзмітрый быццам заклікаў да гвалту ў дачыненні міліцыянтаў ды іхных сем’яў. Маладзён сваю віну прызнаў цалкам, патлумачыўшы, што каментар напісаў на эмоцыях, і раскаяўся.

«Калі б усіх садзілі за каментары ў сацсетках, сядзела б ужо ўся краіна. Нашыя чыноўнікі ды і прэзідэнт выказваюць фразы такія, што можна было б садзіць і расцэньваць іх, як заўгодна: і як экстрэмізм, і ўсё, што заўгодна. Што тут скажаш?! Усім даўно зразумела, што гэта фікцыя», – упэўнены брат абвінавачванага Аляксей Канеўскі.

«Як звычайна – усе парушэнні: кайданкі, выкарыстоўванне клеткі, ці акварыуму, і тое, што пад вартаю ўтрымліваецца. Не такое вялікае злачынства, каб трэба было месяцамі трымаць пад вартаю чалавека», – падкрэслівае праваабаронца Васіль Палякоў.

У судзе Ленінскага раёну Берасця пачалі судзіць трэцюю групу людзей за «ўдзел у масавых беспарадках» летась 9–10 жніўня. Працэс вядзе суддзя Святаслаў Каліна. Паводле гэтай справы на тэрмін ад 3 да 5 гадоў калоніі ўжо асудзілі 22 чалавекі.

Каця Малей, «Белсат»