«Ryanair» заявіў пра наўмысны незаконны ўгон самалёту. Беларусь у аэраізаляцыі


Ад заўтра Беларусь трапляе ў авіяізаляцыю з краінамі Еўропы. Рэйсы будуць толькі ў бок Расеі. Дарэчы, менавіта гэтая нашая суседка мела дачыненне да аперацыі супраць самалёту «Ryanair» у Менску, – перакананы генсек НАТО. Расследаванне інцыдэнту распачала Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі.

У Еўропе спадзяюцца, што Масква не пойдзе на блакаду авіяпералётаў у заходнім напрамку, абараняючы Менск. У сталіцы саюзніка Беларусі ўчора назіраліся перашкоды з узлётам і пасадкаю еўрапейскіх самалётаў.

Жузэп Бурэл, кіраўнік вонкавапалітычнага ведамства Еўразвязу:

«Я да гэтага часу не ведаю, ці з’яўляецца гэта канкрэтнымі выпадкамі. Ці гэта зʼяўляецца прыёмам з боку расейскіх уладаў, каб прымусіць еўрапейскія Самалёты пралятаць над Беларуссю».

Паводле The Wall Street Journal, на на пачатку тыдня гендырэктар «Ryanair» Майкл Оʼліры накіраваў у Дэпартамент авіяцыі Беларусі ліст, у якім інцыдэнт з рэйсам Афіны-Вільня назваў «наўмысным і незаконным угонам»:

«Работнікі Менскага аэрапорту перашкаджалі аператыўна вярнуць самалёт у неба: у прыватнасці, яны не хацелі запраўляць самалёт, адмовіліся прымаць аплату паліва крэдытнай карткаю, не далі перакладчыка на ангельскую мову. Таксама ўлады не спрабавалі звязацца з цэнтральным офісам «Ryanair».

Кіраўнік кампаніі заклікаў апублікаваць імёны пасажыраў рэйсу, якія сышлі з самалёту ў Менску, паколькі яны могуць быць агентамі спецслужбаў, датычных да ўгону летака і затрымання ў Менску апазіцыянера, журналіста Рамана Пратасевіча і ягонай сяброўкі Соф’і Сапегі, грамадзянкі Расеі. Пералічаныя Майклам Оʼліры несупадзенні ў справаздачы Беларусі пацвярджае авіяэксперт, экс-намміністра транспарту Украіны Васіль Шаўчэнка:

«Калі вы аналізуеце беларускія СМІ, то там гаворка ішла пра беспарадкі на борце, хаця пацверджанняў гэтаму не было. Сігнал, які беларуская ўлада трактавала як «тэрарыстычная пагроза», у дапаўненні прапісаны, як «агульная трывога».

Днём раней расейскі цэнтр «Дасье» заявіў, што беларускія дыспетчары паведамілі пілотам «Ryanair» аб мініраванні самалёта на 27 хвілінаў раней, чымся самыя атрымалі інфармацыю пра выбухоўку на борце.

Сёння на паседжанні Рады Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ICAO) прадстаўнік Беларусі сцвярджаў, што ліст прыйшоў на 5 хвілін раней. У ICAO вырашана – расследаваць здарэнне і да 25 чэрвеня апублікаваць першыя вынікі.

«Самае жорсткае дзеянне, якое можа зрабіць ICAO-гэта ўключыць Беларусь з сябраў ICAO. Хоць я не думаю што гэта не адбудзецца, таму што ўвесь свет усё-такі падтрымлівае беларускі народ, і ў дадзеным выпадку гаворка ідзе аб неадэкватных дзеяннях уладаў. ICAO – гэта не суд, які прыцягвае кагосьці да адказнасці».

Hавiны
Украіна таксама закрыла Беларусі паветраную прастору. «Белавія» шукае новы шлях на поўдзень
2021.05.28 18:59

Азнаёміўшыся са стэнаграмаю перамоваў «дыспечар-пілот», эксперт у галіне ваеннай авіяцыі Леанід Спаткай зрабіў выснову:

«Гэтая пасадка была зробленая спецыяльна з мэтай захопу былога рэдактара ТГ-каналу. Гэта адзіная прычына, якая выклікала вось такую рэзкую рэакцыю сусветнай супольнасці».

Пасля спецаперацыі закладнікамі ў межах краіны сталі дзевяць з паловай мільёнаў беларусаў. Еўрапейскія перавозчыкі не лётаюць у Беларусь ці над ёю. Усё гэта на пачатку сезону адпачынкаў, уздыхаюць менчукі:

  • «Будзем турызмам займацца ў нашай краіне. Але на мора хацелася б, вельмі смутна».
  • «Нікуды не паляцім. Але… мае знаёмыя цяпер паляцелі на Кіпр і… як яны будуць вяртацца».
  • «Усё ўжо адкладзена да наступнага года, а можа – увогуле ніколі… мы не ведаем, што будзе».

Краіны «Вялікай сямёркі» асудзілі »беспрэцэдэнтныя дзеянні беларускіх уладаў« і заявілі аб нарошчванні санкцыяў супраць Менска. Учора кіраўнікі МЗС краінаў Еўразвязу не выключылі, што ў санкцыйны пакет могуць трапіць вядучыя дзяржкампаніі, як «Беларуськалій». Пад пытаннем і транзіт газу праз Сінявокую, і магчымасць выпускаць еўра аблігацыі.

Юлія Цяльпук, «Белсат»