Еўразвяз прапанаваў эканамічны план, «каб беларусы не расчараваліся ў новай Беларусі»


Запуск эканамічнага плану Еўразвязу для дэмакратычнай Беларусі пацвердзіла старшыня Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен у лісце да дэмакратычных лідараў Беларусі. Пасля таго як, у нашай краіне адбудуцца сумленныя выбары, Еўропа гатовая вылучыць тры мільярды еўраў дапамогі.

«Яны разбітыя на тры кірункі. Першы – гэта фінансавыя ўліванні для падтрымання эканамічнага росту. Макрафінансавая падтрымка выдзяляецца не на пэўныя мэты, а проста ў бюджэт краіны, і міністэрства фінансаў можа выкарыстаць гэтыя сродкі паводле сваіх патрэбаў», – распавёў падчас адмысловай прэс-канферэнцыі прысвечанай комплекснаму плану Еўразвязу для падтрымання Беларусі Алесь Аляхновіч, прадстаўнік Святланы Ціханоўскай у эканамічных рэформах.

Плануе Еўропа фінансавую ды экспертную дапамогу ў эканамічных і структурных рэформах. Трэці кірунак – інвестыцыі ў інфраструктуру ды падтрыманне прыватнага сектару. Калі ж Беларусь будзе далей рухацца ў кірунку дэмакратызацыі, мы можам разлічваць і на большае падтрыманне ад Еўразвязу і не толькі ад яго, падкрэслівае Алесь Аляхновіч. Агулам абʼём дапамогі можа скласці 10 мільярдаў долараў, частку якіх Беларусь атрымае беззваротна.

Артыкулы
Ціханоўская распавяла, што Захад гатовы даць Беларусі каля $ 10 млрд у выпадку дэмакратычных зменаў у краіне
2021.05.28 13:26

«Мы робім усё для таго, каб на наступны дзень пасля правядзення новых свабодных выбараў гэтая дапамога пачала паступаць, каб беларусы не расчараваліся ў Новай Беларусі – і Беларусь, і кожны беларус як найхутчэй адчулі на сабе паляпшэнне эканамічнай сітуацыі», – кажа Алесь Аляхновіч.

Тым часам Аляксандр Лукашэнка развязвае, паводле ягоных заяваў, эканамічныя пытанні з Уладзімірам Пуціным у Сочы. Перад гэтым Лукашэнка правёў сустрэчу з кіраўнікамі ўрадаў краін Садружнасці незалежных дзяржаваў, дзе сярод іншага заявіў, што СНД цалкам пацвердзіла сваю жыццяздольнасць.

«Я б рэкамендаваў Лукашэнку браць квіток у адзін канец – ляцець і не вяртацца. Усё што мог зрабіць, каб пазбавіць беларусаў ад сваёй персоны, ён ужо зрабіў, усе свае варʼяцкія гісторыі распавёў. Мы ж, у сваю чаргу, ва ўсіх дэталях распавялі пра ягоны рэальны стан справаў усім зацікаўленым структурам і асобам – як на Захадзе, гэтак і ў Расеі», – звярнуўся да Лукашэнкі кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

Hавiны
Ціханоўская прызначыла міжнародную канферэнцыю пра новыя выбары ў Беларусі на 1–2 чэрвеня
2021.05.26 20:17

Працягвае распавядаць пра рэальны стан справаў у Беларусі і Святлана Ціханоўская, якая цяпер з візітам у Нідэрландах. Краіна далучылася да чацвертага пакету санкцыяў Еўразвязу супраць Беларусі.

«Пры такой моцнай рэакцыі заходніх краінаў ужо ўзніклі новыя дэманстрацыі. І мы спадзяемся, што яны будуць працягвацца, і работнікі рыхтуюцца да агульнанацыянальнай забастоўкі, і, калі ўсе будуць гатовыя, людзі зноў выйдуць на вуліцы», – кажа Святлана Ціханоўская.

Лідары дэмакратычных сілаў Беларусі падпісалі камюніке пра супольныя дзеянні. Наступная іхная акцыя будзе міжнароднаю.

«Праз некалькі дзён па ініцыятыве офісу Святланы Ціханоўскай будзе праходзіць міжнародная канферэнцыя па выбарах у Беларусі. Мы туды запрасілі міжнародных экспертаў, палітыкаў, а таксама запрасілі прадстаўнікоў рэжыму, для таго каб гэта стала пачаткам абмену думкамі, як вырашыць палітычны крызіс у Беларусі», – распавядае кіраўнік кабінету прадстаўнікоў Святланы Ціханоўскай.

Супольная праца прадугледжвае агульныя звароты да міжнародных структураў для ўзмацнення ціску на Лукашэнку.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»