Беларусь можа застацца без жыццёва важных лекаў


Ні жыццёва важных імпартных лекаў, ні вакцынаў. Такая будучыня можа чакаць Беларусь. З дэфіцытам некаторых прэпаратаў беларусы сутыкнуліся ўжо сёння. Аб гэтым нашыя падпісчыкі напісалі ў чат-бот.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Вольга перахварэла на вятранку ў 17 гадоў. Цяжка і з ускладненнямі. Таму, калі даведалася, што ў садку ейнай дачкі назіраецца ўспышка ветраной воспы, пастанавіла прышчапіць сваё дзіця. Але высветлілася, што вакцыны нідзе няма.

«Адсутнасць вакцыны можа справакаваць узнікненне эпідэміі, прычым такія эпідэміі мы рэгулярна маем у восеньска-вясновы час, гэта пік уздыму захворваннем ветранай воспай у дзіцячых садах і школах, калі даводзіцца закрываць на каранцін цэлыя групы і класы», – распавядае педыятр Клаўдзія Ўладзімірава.

Вятранка лічыцца дзіцячай хваробай, таму што большасць пераносіць яе менавіта ў дзяцінстве. Але не ўсё. Для дарослых яна багатая ўскладненнямі ў выглядзе менінгіту, пнеўманіі ды энцэфаліту. Асабліва небяспечная вятранка для цяжарных.

Вакцыны ў Беларусі не робяцца. Абсалютна ўсе імпартаваліся ў краіну. Пасля прызнання Беларусі суагрэсарам у вайне Расеі з Украінай шмат якія міжнародныя кампаніі сышлі з беларускага рынку, каб пазбегчы іміджавых стратаў або ў выніку ўведзеных санкцыяў. Дэфіцыт лекаў у краіне таксама звязваюць з гэтым.

Адчулі жыхары Беларусі і недахоп прэпарату «Эўтырокс». Гэта жыццёва важны лек для людзей з парушэннем працы шчытападобнай залозы. Ён замяшчае гармон, які не выпрацоўваецца ў арганізме. Калі пацыент перастае прымаць прэпарат, гэта можа прывесці да смяротна небяспечных ускладненняў.

Вікторыя апошнія 30 гадоў мае праблемы са шчытападобнай залозай. Пасля аперацыі на залозе тры гады жанчына рэгулярна піла «Эўтырокс». Цяпер у ейным горадзе прэпарату няма. Ездзіць па яго ў іншы горад далёка і дорага.

На сайце 103.by, які паказвае наяўнасць лекаў у аптэках, «Эўтыроксу» няма ў двух абласных цэнтрах з шасці. У Гомлі – толькі ў адной аптэцы.

У чат-бот чытачы напісалі свае назіранні:

«У Светлагорску ні ў адной аптэцы няма прэпарату “Эўтырокс”. Адсутнічае поўнасцю. Замовілі сваякам у Барысаве. Там яшчэ ёсць».

«Што да “Эўтыроксу” і яго наяўнасці ў аптэках: спрабаваў знайсці патрэбнае дазаванне (50мг), але, на жаль, ужо ні ў адной аптэцы Менску іх няма, гэтак жа няма і дазавання 75 мг, дазаванне 25 мг ёсць у аптэках, якія можна пералічыць на пальцах. Наконт дазавання 125 мг – у аптэках ёсць, але попытам не карыстаецца».

Нягледзячы на ​​праграму імпартазамяшчэння, не ўсе лекі Беларусь можа замяніць уласнымі аналагамі. Нейкія з іх не вырабляюцца зусім, нейкія – у недастатковым аб’ёме. Гэтак, у Беларусі вырабляюць інсуліны, але не ўсе неабходныя пазіцыі. Дэфіцыт імпартных лекаў адабʼецца не толькі на інсуліназалежных.

«У першую чаргу гэта людзі, якія атрымліваюць супрацьпухлінную тэрапію, людзі з анкалагічнымі захворваннямі, гэта дзеці з анкалагічнымі хваробамі, гэта пацыенты, якія атрымліваюць гарманальную тэрапію, не толькі гармоны шчытападобнай залозы, але і іншыя віды гарманальнай тэрапіі, замяшчальнай або лячэбнай, людзі з рэўматычнымі хваробамі, з сістэмнымі запаленчымі хваробамі: рэўматоідны артрыт, сістэмная чырвоная ваўчанка і іншыя», – тлумачыць клінічны фармаколаг Вольга Садоўская.

Калі імпартныя лекі знікнуць з беларускага рынку, іх адсутнасць заўважаць найперш у стацыянарах, у тым ліку ў рэанімацыі. Паводле лекараў, будзе не ставаць кардыётонікаў – прэпаратаў, якія стымулююць працу сэрца ў пацыентаў рэанімацыі, і антыбіётыкаў, якія змагаюцца з ўнутрыбальнічнымі інфекцыямі.

«Тыя людзі, якія захворваюць на COVID цяжка, і ў іх быў бы шанец атрымаць тэрапію і выжыць ці не трапіць у рэанімацыю, не стаць інвалідам, хутчэй за ўсё яны гэтага шанцу пазбаўляюцца, бо тыя прэпараты – сістэмныя гармоны, “Прэднізалон”, напрыклад, некаторыя іншыя лекі, тая ж “Актэмра” – яны выкарыстоўваліся як апошні шанец, які можа дапамагчы чалавеку. Гэтага шанцу зараз не будзе», – падкрэслівае клінічны фармаколаг Вольга Садоўская.

Каб наладзіць у краіне ўласную вытворчасць жыццёва важных прэпаратаў і вакцынаў, спатрэбяцца гады. Ці дачакаюцца іх людзі, якім лекі патрэбныя ўжо сёння?

Ніка Несцярэнка, «Белсат»