Сусветны дзень аховы працы


«Беларуськалій» – адно з самых буйных і пратэставых прадпрыемстваў краіны. Пасля падзеяў леташняга жніўня адкрыты ліст да ўладаў з патрабаваннямі спыніць гвалт і правесці новыя сумленныя выбары падпісала больш за шэсць тысяч працаўнікоў.

Некаторыя з іх абвесцілі страйк і адмовіліся выходзіць на працу, пакуль іхных патрабаванняў не выканаюць. У тым ліку – Юрый Корзун. 10 верасня мінулага года пасля працоўнай змены ён адмовіўся падымацца з шахты і прыкаваў сябе наручнікамі да горнага абсталявання. Пасля такой акцыі пратэсту Юрыя звольнілі.

«Я веру, што адновяцца ў нас парадак і закон, пройдуць сумленныя выбары, і нас вернуць на працу. Я з задавальненнем вярнуся. Але пакуль гэтага не адбываецца, не адбылося, я буду ў стачцы, чаго б мне гэта не каштавала. На гэты рэжым я працаваць не буду», – сцвярджае Юрый.

Вызвалены час Юрый пастанавіў прысвяціць рамонту дому, які падчас працы доўга адкладваў. Тым больш цяпер ёсць магчымасць зрабіць яго ўласнымі рукамі.

« Калі раней я наймаў нейкіх людзей, то цяпер вучуся ўсё рабіць сам. Вось зараз я кладу плітку на сцены. Далей буду вывучаць інжынерыю, ацяпленне, водазабеспячэнне… Як гэта ўсё праводзіцца», – кажа Юрый Корзун.

Спыніць стачку шахцёраў улады спрабуюць не толькі праз звальненні. Як заяўляюць у стачкаме, летась арыштавалі каля сотні страйкоўцаў «Беларуськалію». За кратамі агулам яны правялі больш за восемсот содняў. Адзін з іх – Антон Дзямкоў – зусім нядаўна выйшаў на волю пасля чарговага арышту.

«Мне пісалі нават пляменнікі, ім па 8-9 гадоў. Пляменнікі пісалі, што герой! Дзеці таксама чакалі, прысылалі малюнкі. Як з татам, як без таты… І калі выйшаў, мяне таксама стала яшчэ больш людзей падтрымліваць, разумеючы, што ўсё гэта незаконна», – успамінае былы працаўнік РУП «Беларуськалій» Антон Дзямкоў.

Зрэшты, каб пазбавіцца працы, далучацца да стачкі было неабавязкова. Як заяўляюць у Беларускім незалежным прафсаюзе, дастаткова проста выказваць сваю грамадзянскую пазіцыю. Дзеянні ўладаў і кіраўніцтва «Беларуськалію» датычна нязгодных працаўнікоў там характарызуюць як помсту.

«Адкрытая помста – па-іншаму я гэта назваць не магу. Дзесьці яна даходзіць да абсалютнага маразму, такіх неадэкватных дзеянняў. Кагосьці звальняюць, з кімсьці не працягваюць кантракты. Запалохванне, элементарныя гутаркі, распаўсюджванне чутак. У прынцыпе, гэта ж было заўсёды ў адносінах да незалежных прафсаюзаў у Беларусі. Проста цяпер яно абвастрылася яшчэ больш і пачатак мець больш масавы характар», – сцвярджае старшыня Беларускага незалежнага прафсаюзу Максім Пазнякоў.

На сёння да стачкі «Беларуськалію» далучылася каля ста сарака шахцёраў, больш за паўсотні з іх ужо звольнілі.

Міхаіл Прановіч, «Белсат»