Подпісы насуперак уласнаму жаданню. «Ува ўсе клубы найвышэйшай лігі прыйшла разнарадка»


Улады Беларусі не задаволіліся колькасцю больш за пяць тысяч падпісантаў прарэжымнага ліста прадстаўнікамі спартовае галіны. І націснулі на багаты людскімі рэсурсамі футбол, атрымаўшы за пару дзён больш як сто дадатковых подпісаў.

Паводле ананімных прызнанняў, апытаныя парталам by.tribuna.com новыя падпісанты зрабілі гэта супраць уласнай волі, разумеючы ганебнасць такога прымусу. Але, няхай не адразу, але ўсё ж паддаліся ўгаворванням і ілжываму ціску на сумленне. Галоўны рэдактар парталу BY.TRIBUNA.COM Алег Гаруновіч не ўтойвае, што многія з апытаных выданнем футбалістаў у гэтай сітуацыі проста разгубіліся:

«У нечым імі маглі маніпуляваць, сказаць, што гэта нешта большае, чым адзін чалавек, маглі прыкрыцца тым, што ў кожнага клубу ёсць нейкія групы падрыхтоўкі маладых футбалістаў. Маўляў, вы можаце забіць на сябе, але падумайце, што будзе з нашымі футбольнымі школамі, што будзе з беларускім футболам».

Некаторыя да гэтага нават падпісвалі лісты з заклікам спыніць ґвалт у краіне. Але цяпер адруцілі свае погляды назад і тлумачацца клопатам пра далейшае існаванне клубу.

Футбалісты клубаў найвышэйшай лігі:

«Існуюць гэтак званыя планы развіцця клубаў, якія ўзгадняюцца з Міністэрствам спорту. І толькі пасля ўзгаднення клубы могуць атрымліваць дзяржаўнае падтрыманне».

«Ува ўсе клубы найвышэйшай лігі прыйшла разнарадка – сабраць як мінімум па 12 подпісаў футбалістаў».

«Кіраўнікі клубаў паставілі свае подпісы адразу, не жадаючы чапаць гульцоў. Але чыноўнікі запатрабавалі, каб абавязкова былі далучаныя да гэтага і футбалісты. Літаральна на наступны дзень пасля таго, як подпісы былі сабраныя, міністр спорту Кавальчук падпісаў нашаму клубу план развіцця».

Першым, яшчэ ў пачатку снежня, падпісаўся гарадзенскі «Нёман», а неўзабаве – і клуб «Менск». Міністэрства спорту, паводле нашага эксперту Сяргея Южыка з выдання «ПРЕССБОЛ», хвацка выкарыстала свой адміністрацыйны рэсурс унутры краіны:

«Не было никакой реакции от УЕФА в последнее время. От МОК в отношении очередных санкций. Поэтому, белорусские власти спортивные решили, что всё дело у нас тихо-мирно проходит и можно создать снова картинку, что у нас в спорте всё наладилось, всё хорошо, все довольны, все смеются».

На каго націснуць – доўга не думалі: зразумела, на самых неабароненых і не загартаваных – маладых футбалістах. Як лічыць Сяргей Южык – гэта была самая бяспройгрышная латэрэя: «Молодым футболистам у нас очень трудно пробиться в клубе в основу. Это первые их контракты. Поэтому они переживают, как бы не закончилась их каръера полностью».

Больш незалежныя ад дзяржаўнага фінансавання клубы, як той жа салігорскі «Шахцёр», шукаюць шляхі абыходу міністэрскага ціску. І пакуль збольшага ўдаецца. Хаця, падступаюцца і да яго. Прынамсі, паводле Алега Гаруновіча, у футболе другая хваля прымусу яшчэ не скончылася: «Трэба заўважыць, што футбол усё ж, пратрымаўся даўжэй за хакей. Хакей падпісаўся амаль адразу і шмат дзе добраахвотна. А беларускі футбол цэлы квартал адбіваўся ад гэтага ліста».

На сёння дзеянні ўладаў такім ці іншым чынам падтрымалі 5 тысячаў 394 спартоўцы. Супраць ґвалту і беззаконня, але цалкам добраахвотна выказаліся дзве тысячы 112 атлетаў.

Аляксандр Пуціла, «Аб’ектыў»