Палітычным судам няма канца

Працягваецца разгляд крымінальнай справы супраць валанцёраў штабу Віктара Бабарыкі. Ігара Ярмолава, Мікалая Сасева, Уладзіслава Карэцкага і Дзмітрыя Канапельку вінавацяць у рыхтаванні да масавых беспарадкаў і навучанні ці іншым рыхтаванні для ўдзелу ў іх. Нагода – знойдзеная сілавікамі піратэхніка, запальнічкі, лазерныя ўказкі ды слясарныя малаткі.

«Калі Улад выйдзе, я яму дам мянушку Джэдай, бо выраб лазернай зброі для супрацьстаяння АМАПу – гэта, канечне, крута. Насамрэч пра лазерныя ўказкі я нічога не ведаў, і, у прынцыпе, яны іх не ўжывалі», – кажа сябар Уладзіслава Карэцкага Цімафей.

Першым з чацвёркі затрымалі Ігара Ярмолава. Ягоныя бацькі паведамлялі, што Ігара моцна збілі. Пасля гэтага яму зрабілі аперацыю ў вайсковым шпіталі. Адзін са сведкаў кажа, што і супраць яго ўжывалі ціск. Справу ў судзе Маскоўскага раёну Менску разглядае суддзя Святлана Бандарэнка.

«Я лічу свайго сына сапраўдным беларусам і патрыётам сваёй краіны. Тое, што ён не абыякавы грамадзянін… я гэтым толькі ганаруся. Тое, што ён цяпер знаходзіцца ў зняволенні, напэўна, гэта вялікая-вялікая несправядлівасць, якая ўсё ж такі вырашыцца», – кажа бацька Ігара Ярмолава Аляксей Ярмолаў.

Два гады пазбаўлення волі атрымаў Сяргей Розум за нібыта нацягнуты на рэйках дрот. Суддзя Пухавіцкага раённага суда Сяргей Васілеўскі пабачыў у дзеяннях мужчыны палітычны матыў. Як доказ – чужыя заклікі блакаваць чыгунку ў тэлеграм-канале «Водители – 97 %», на які Розум быў падпісаны, іншыя падпіскі ды паведамленні з навінамі, якімі Сяргей абменьваўся з жонкай. Віну мужчына прызнаў часткова.

«Я не разумеў, як мяняецца сігнал семафору і як рэйкі звязаныя між сабою або пры чым тут дрот. Гэты момант мне зрабіўся цікавым», – выступаў на паседжанні Сяргей Розум.

Пятнаццаццю базавымі велічынямі штрафу гарадзенскі суд пакараў фатографа Валера Юдзіна. Пратакол склалі за адзіночны пікет – на аўце мужчыны быў бел-чырвона-белы сцяжок. У ізалятары, дзе яго трымалі больш за содні, Валеру не далі матраца і бялізны, не дазвалялі нават сядзець – толькі стаяць. І такое стаўленне да ўсіх «палітычных», кажа ён.

«Калі ноччу трэба прачынацца і станавіцца да сцяны, калі да цябе звяртаецца надзіральнік, то ты павінен стаць ля сцяны, рукі назад, ты павінен прачытаць усе свае дадзеныя», – распавядае фатограф Валер Юдзін.

Суд Першамайскага раёну Менску разглядае крымінальную справу супраць 18-гадовага Мацвея Будніцкага.

Яго вінавацяць у актыўным удзеле ў масавых мерапрыемствах і спыненні руху транспарту. Нібыта ён праз рупар кіраваў падзеямі. Віну маладзён прызнае часткова. 30-га красавіка адбудуцца спрэчкі бакоў.

12-га траўня Магілёўскі абласны суд пачне разглядаць справу актывістаў «Еўрапейскай Беларусі». Разам з імі будуць судзіць і палітыка Паўла Севярынца. Дакладны час яшчэ не вядомы.

Надзея Бельская, «Белсат»

Глядзі таксама