Нафтахімія пад пагрозаю


Скарачэнні персаналу і сацыяльных гарантыяў – такія наступствы ад амерыканскіх санкцыяў у нафтавай галіне прадказвае Беларускі прафсаюз работнікаў хімічнай, горнай і нафтавай прамысловасці. Праўладны прафсаюз выступіў супраць абмежаванняў, уведзеных у дачыненні дзевяці беларускіх дзяржпрадпрыемстваў. Каб таксама не трапіць пад санкцыі з беларускімі экспарцёрамі нафтахіміі хочуць прыпыніць супрацу расейскія партнёры. Ці сапраўды яны спалохаліся Вашынгтона?

Даходы ад продажу паліва – аднаго з асноўных экспартных тавараў Беларусі – пад пагрозай. Расейскія кампаніі могуць спыніць пастаўкі сыравіны на «Нафтан», лічыць эксперт нафтагазавага рынку Таццяна Манёнак:

«Сургутнафтагаз» і «Роснафта» з траўня пачнуць адмаўляцца ад паставак на беларускі «Нафтан». Калі гэта падтрымаюць іншыя буйныя нафтаздабываючыя кампаніі – то гэта стане сур’ёзным выпрабаваннем не толькі для «Нафтану», але і для ўсёй нафтаперапрацоўчай галіны».

Пастаўляльнікі баяцца патрапіць пад санкцыі, якія Вашынгтон трэцяга чэрвеня ўвядзе супраць канцэрну «Белнафтахім» – сцвярджае агенцтва Ройтэрз. У чорным спісе таксама хімічныя гіганты «Горадня Азот» і «Горадняхімвалакно». Забарона на ўгоды з імі дзейнічала з 2008-га па 2015-ы год. Пасля таго, як Менск вызваліў палітвязняў, ЗША санкцыі замарозілі. Калі калоніі зноў запоўніліся вязнямі сумлення – абмежаванні вярнулі.

«Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод працуе і будзе працаваць без санкцый. Катастрофы такая сітуацыя не выкліча, але праблемы будуць. Мазырскаму нафтаперапрацоўчаму заводу загадаюць павысіць узровень перапрацоўкі і забяспечыць унутраны рынак», – кажа Таццяна Манёнак.

А вось з пастаўкамі на вонкавыя рынкі будуць праблемы – лічыць эксперт. «Нафтан» адказвае за палову беларускага экспарту нафтапрадуктаў. У мінулым годзе Менск атрымаў ад іх продажу $ 3,9 млрд. $ 5,7 млрд. прынесла прадукцыя хімічнай прамысловасці. Разам гэта траціна беларускага экспарту.

«Дырэктар «Нафтану» Андрэй Сойка ўжо адкрывае візу ў Польшчу, збіраецца ехаць на даччынае прадпрыемства. […] Патрэбныя яшчэ і запчасткі. Камплектуючыя не вырабляюцца ў Беларусі, іх набываюць за мяжой, і такія ўгоды таксама трапілі пад санкцыі», – кажа прэс-сакратар стачкому «Нафтану» Ігар Валяеў.

Шляхоў абыходу санкцыяў шукае таксама кіраўніцтва «Горадня Азоту» – паведамляюць працаўнікі кампаніі. Тавары ўжо прадаюць на Захад праз пасярэднікаў, вынікае з дакладной запіскі на ТГ Стачком Азота датаванай яшчэ 4 сакавіка:

«Просім пры афармленні ўпаковачных лістоў, сертыфікатаў якасці, унутрыпаковачных ярлыкоў, а таксама цэтлікаў на блок-пакетах на прадукцыю не пазначаць найменне прадпрыемства ААТ «Гродна Азот» філіял «Завод Хімвалакно», а таксама не ставіць штамп да замены бягучых на штампы без указання таварнага знаку і назвы прадпрыемства…»

У мінулы санкцыйны перыяд расейскія заводы не спынялі паставак у Беларусь. На погляд палітолага Вольгі Харламавай, цяпер Крэмль скарыстаўся сітуацыяй, каб схіліць Лукашэнку да «паглыблення інтэграцыі».

«Раней, калі дзейнічалі такія ж санкцыі, ЗША не прымалі ніякіх дзеянняў супраць расейскіх кампаній. А па-другое, Пуцін сам нядаўна заяўляў, што яго не цікавяць ніякія санкцыі і спробы ціску», – адзначыла палітолаг.

Адмова ад супрацы з «Нафтанам» можа быць выкліканая не страхам трапіць пад санкцыі, а жаданнем пазбавіцца ад беларускага канкурэнта – не выключае і сябра стачкому прадпрыемства:

«У адрозненне ад Мазыра, ён пастаўляе прадукцыю ў асноўным за мяжу. Гэта асноўны канкурэнт. Расея не раз спрабавала выкупіць «Нафтан», у іх гэта не атрымлівалася. Я думаю, што такім чынам яны канкурэнта спрабуюць паставіць на калені, каб яго выкупіць або закрыць наогул».

Паводле інфармацыі Ігара Валяева, беларускі нафтахімічны гігант выслаў у Расею дэлегацыю на перамовы і рыхтуецца да складаных часоў. Рабочым ужо абвесцілі, што прэміяў у бліжэйшы час не будзе.

Аляксандр Папко, «Белсат»