ААН сочыць за Беларуссю


Беларускае пытанне на парадку дня ў ААН. Сёння распачалася сесія камітэту супраць катаванняў Арганізацыі аб’яднаных нацыяў, дзе, сярод іншага, будзе разглядацца і сітуацыя ў нашай краіне.

«Будзе ацэньвацца прагрэс ці, наадварот, рэгрэс. І натуральна, што праваабаронцы даслалі матэрыялы аб тым, як мы гэты працэс бачым. З адлюстраваннем крытыкі і высновамі, якія мы бачым у гэтай праблеме», – кажа старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэту Алег Гулак.

Агулам беларускія праваабаронцы даслалі ў Камітэт супраць катаванняў каля 80 пытанняў і заўваг да афіцыйнага дакладу ўладаў Беларусі ды прывялі прыклады шматлікіх парушэнняў.

«Перш за ўсё тое, што адбывалася пасля выбараў. Гэтыя праявы катаванняў і адсутнасць рэакцыі на іх з боку дзяржавы», – працягвае Алег Гулак.

Сярод праяваў катаванняў праваабаронцы называюць збіццё пры затрыманнях, псіхалагічны ґвалт і невыносныя ўмовы ўтрымання ў месцах зняволення, асабліва для арыштаваных паводле палітычных артыкулаў. Вязняў пазбаўляюць перадачаў і цёплых рэчаў, не забяспечваюць нармальных умоваў для сну, змяшчаюць у карцар, выліваюць на падлогу вялікую колькасць хлёркі.

Пра непамерную жорсткасць да «палітычных» казаў падчас суда і Зміцер Дашкевіч, які адбывае дваццацідзённы арышт у ізалятары Менскага раёну.

«Зміцер заяўляў пра катаванні ў судзе. Гэта тычыцца таго, што ў арыштаваных паводле артыкулу аб пікетах адсутнічае матрац, пасцельная бялізна, падушка. Адпаведна няма спальнага месца, камеры перапоўненыя, дзённае святло гарыць увесь час.Перадачу не дазволілі нават праз трое содняў.Гэта палітычнае гета, каб людзі, якія выходзяць выказаць сваё меркаванне ведалі – што іх чакае», – распавядае ягоная жонка Наста Дашкевіч.

Згодна з дакладам праваабарончай арганізацыі «Amnesty International»пасля мінулагодніх выбараў было пададзена як найменей 900 скаргаў на катаванні ды сваволле сілавікоў. Аднак ніводнай крымінальнай справы паводле іх заведзена не было.

Алесь Баразенка, «Белсат»