Украінскія вайскоўцы вызвалілі горад Ірпінь


Украінскія вайскоўцы вызвалілі горад Ірпінь у Кіеўскай вобласці, які стаў сусветна вядомым падчас брутальных расстрэлаў уцекачоў расейскай артылерыяй. Мэр гораду падзякаваў ЗСУ, Тэрытарыяльнай абароне, Нацыянальнай паліцыі і спецпадраздзяленням. Цяпер у Ірпіні шукаюць недабітыя групы расейскіх войскаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Сёння вызвалены Ірпінь, ідзе зачыстка… Сябры, у Ірпінь вяртацца пакуль што нельга. Гэта пакуль небяспечна. Мы замацоўваемся на нашых новых рубяжах і далей будзем ісці вызваляць Бучу, Гастомэль, Ворзэль. Мы разумеем, што на наш горад будуць яшчэ напады. І мы будзем мужна яго бараніць», – заявіў Аляксандр Маркушын.

Баі ў Ірпіні ішлі ад самага пачатку расейскага ўварвання ва Украіну 24 лютага. Баявыя дзеянні працягваюцца ў розных украінскіх рэгіёнах.

У ваколіцах звольненага гораду Трасцянец Сумскай вобласці проста заваленыя расейскаю тэхнікай: танкамі, БМП, сістэмамі залпавага агню «Ураган» і вялікаю колькасцю аўтатэхнікі.

АГУЛЬНЫЯ СТРАТЫ ПРАЦІЎНІКА 24.02–28.03

17 000 ВАЙСКОЎЦАЎ

586 ТАНКАЎ

1694 БАЯВЫЯ БРОНЕМАШЫНЫ

302 АРТЫЛЕРЫЙСКІЯ СІСТЭМЫ

95 РСЗА

54 СРОДКІ ПАВЕТРАНАЙ АБАРОНЫ

123 САМАЛЁТЫ

127 ВЕРТАЛЁТАЎ

1150 АДЗІНАК АЎТАМАБІЛЬНАЙ ТЭХНІКІ

73 ПАЛІЎНЫЯ ЦЫСТЭРНЫ

7 КАРАБЛЁЎ/КАТАРАЎ

21 АДЗІНКА СПЕЦТЭХНІКІ

4 ПУСКАВЫЯ КОМПЛЕКСЫ ТРК

Сёння стала вядома, што два тыдні таму ўкраінская паветраная абарона збіла каля Краматорску расейскі самалёт Су-30СМ, цяжкі шматмэтавы знішчальнік, прызначаны для заваявання перавагі ў паветры, але таксама для ўдараў па наземных цэлях. Лётчык гэтага самалёта бамбаваў горад Балаклія ў Харкаўскай вобласці некіраванымі аскепкава-фугаснымі бомбамі ОФАБ-250. Цяпер ён у палоне.

Як паведаміў турэцкі тэлеканал «Haber Global», каб скампенсаваць страты авіяцыі, Расея ўзяла ў Арменіі 4 баявыя самалёты Су-30СМ, якія армяне закупілі для ўжывання ў другой Карабахскай вайне. Афіцыйны Ерэван абвяргае гэтую інфармацыю.

А вось жыхары раёнаў Данецкай і Луганскай вобласцяў, акупаваных з 2014-га года, цяпер перажываюць масавую прымусовую мабілізацыю. Баевікі так званых ДНР і ЛНР, перакінутыя пад горад Сумы, нават запісалі відэазварот з вайсковага грузавіка. Яны скардзяцца, што іх зрабілі гарматным мясам.

Гэта яшчэ адно ваеннае злачынства Расейскай Федэрацыі – прымус мірных жыхароў захопленых тэрыторыяў ваяваць супраць сваіх жа суайчыннікаў.

«Расейцы збіраюць жывую сілу і рыхтуюцца да яшчэ адной спробы заходзіць ва Украіну… Мы максімальна перайшлі ў контрнаступ у Сумскай і Харкаўскай вобласцях і робім усё, каб зачысціць шэраг паселішчаў. Але паралельна трэба разумець, што расейцы спрабуюць рабіць свае атакі ў баку Ізюму на Харкаўшчыне, бо гэта дарога на Славянск. Для іх гэта адзін з ключавых напрамкаў, і там цяпер адбываюцца найгарачэйшыя баі», – заявіў у эфіры ўкраінскага 5 каналу Вадзім Дэнысэнка, дарадца міністра ўнутраных справаў Украіны.

Як заявіў Вадзім Дэнысэнка, Расея змяняе сваю стратэгію і найбліжэйшым часам паспрабуе нарасціць колькасць ракетных удараў у розныя пункты Украіны, каб запужаць насельніцтва.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»